RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Марафон «Цягнік гістарычнай памяці» пройдзе ў Магілёўскай вобласці

Першыя ўдзельнікі марафону «Цягнік гістарычнай памяці», які праедзе па маршруце Магілёў–Брэст–Магілёў адправяцца ў займальнае падарожжа 21 красавіка. Пабываць у гэтай паездцы могуць не толькі школьнікі, але і цэлыя сем’і. Як расказалі ў Магілёўаблтурысце, заяўкі на гэту займальную экскурсію ўжо падалі каля тысячы ўдзельнікаў з усёй Магілёўскай вобласці.

– У першую паездку адправяцца звыш 250 чалавек (дарослыя, школьнікі, кадэты). Затым чарговы экскурсійны тур запланаваны на 28 красавіка і на канец мая. Праграма марафону, які прысвечаны Году гістарычнай памяці, вельмі насычаная і цікавая.  Будзе ўрачыстае адпраўленне цягніком Віцебск–Брэст. Яго вагоны стылізаваныя па тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны. Для пасажыраў падрыхтавана анімацыйная праграма «Ніхто не забыты, нішто не забыта». У дарозе будзе гучаць музыка ваенных гадоў у выкананні групы артыстаў (байцоў Чырвонай Арміі), пройдуць тэматычныя віктарыны і конкурсы, – удакладняе дырэктар дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства «Магілёўаблтурыст» Алена Карпенка. – Удзельнікам паездкі ўручаецца інфармацыйная ўлётка пра подзвіг і гераізм абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Раніцай мы прыбываем у Брэст. Далей нас сустракаюць аўтобусы з экскурсаводамі. Затым едзем у мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», які з’яўляецца адным з найбольш вядомых і наведвальных турыстычных аб’ектаў Беларусі. Тут у адзіным комплексе аб’яднаныя месцы баёў, руіны, якія захаваліся, збудаванні крэпасці і музейныя экспазіцыі. Удзельнічаем у мітынгу-рэквіеме, ускладаем на плошчы кветкі да Вечнага агню, наведваем музеі, едзем на экскурсію па горадзе. Захаваць памяць аб гераічным подзвігу нашых продкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны – наш святы абавязак. Падзеі тых гадоў наглядна перадае наш праект – марафон «Цягнік гістарычнай памяці».

mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая