RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Меркаванне: пакладзеныя ў аснову Канстытуцыі прынцыпы стануць магутным фактарам згуртавання беларусаў

Пакладзеныя ў аснову абноўленай Канстытуцыі прынцыпы стануць магутным фактарам згуртавання беларусаў. Такім меркаваннем падзяліўся старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Павел Жуйкоў.

«Лічаныя дні аддзяляюць нас ад найважнейшай падзеі ў гісторыі суверэннай Беларусі – канстытуцыйнага рэферэндуму, – адзначыў Павел Жуйкоў. – Нам трэба вызначыцца па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Асноўны закон краіны. У прапанаваным праекце замацоўваюцца ключавыя для нашага народа каштоўнасныя моманты. Не абмяжоўваючы правы і свабоды розных катэгорый грамадзян, распрацоўшчыкам дакумента ўдалося канцэптуальна сфармуляваць прынцыпы, якія могуць легчы ў аснову нацыянальнай ідэі і стаць магутным фактарам згуртавання беларусаў. Гэта агульная гістарычная памяць, традыцыйныя каштоўнасці нашага народа, а таксама краевугольны камень, які ляжыць у падмурку нацыянальнага характару, – прынцып справядлівасці».

Для Паўла Жуйкова як прадстаўніка прафсаюзнага руху выключна важна, што праект змяненняў і дапаўненняў умацоўвае сацыяльна арыентаваную мадэль развіцця Беларусі. «У абноўленай Канстытуцыі не толькі захаваны ўсе устаноўленыя раней нормы сацыяльна-эканамічных і працоўных гарантый, але і ўключаны палажэнні, накіраваныя на ўзмацненне абароненасці найбольш уразлівых катэгорый насельніцтва – інвалідаў, пажылых людзей, сем’яў з дзецьмі, дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, – сказаў ён. – І гэта нягледзячы на найскладанейшыя выклікі, з якімі сутыкнулася эканоміка краіны ва ўмовах пандэміі і беспрэцэдэнтнага санкцыйнага ціску – рознымі абмежаваннямі на перамяшчэнне тавараў і паслуг, скарачэннем традыцыйных рынкаў збыту прадукцыі, эканамічным пратэкцыянізмам шэрагу дзяржаў».

Як дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу старшыня абласной арганізацыі галіновага прафсаюза вялікія чаканні звязвае і з замацаваннем канстытуцыйнага статусу УНС. Як найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя, сход стане сілай, якая забяспечвае трываласць і ўстойлівасць ўсёй грамадска-палітычнай сістэмы дзяржавы.

«Умацаванне сістэмы стрымак і проціваг, пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады, развіццё партыйнай сістэмы і грамадзянскай супольнасці, наяўнасць розных страховачных механізмаў – прадугледжаныя ў праекце прынцыпы павінны стаць гарантыяй нацыянальнай бяспекі, захавання суверэнітэту і планамернага паступальнага развіцця беларускай дзяржавы, – сказаў на заканчэнне Павел Жуйкоў. – Сёння прыйшоў час, калі кожны павінен праявіць сваю грамадзянскую адказнасць і прыняць удзел у рэферэндуме».

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая