Галоўны ветурач ЗАТ «Агракамбінат «Зара» Вікторыя Абметка падчас злёту маладых работнікаў вёскі «АграБудучыня» расказала аб сваёй рабоце.


Вікторыя Абметка апошнія паўгода працуе галоўным ветэрынарным урачом на ЗАТ «Агракамбінат «Зара» ў аграгарадку Рэчкі Магілёўскага раёна. Да гэтага дзяўчына год была на пасадзе звычайнага ветурача. «Заўсёды вельмі хацелася займацца медыцынай. А вялізнае каханне да жывёл прывяла ў ветэрынарыю», – дадала дзяўчына.


«Чым больш ты працуеш, укладаеш у гэта сваю душу, тым больш пачынаеш любіць гэтую справу. Чым больш я працую з буйной рагатай жывёлай, тым больш улюбляюся ў гэтых стварэнняў. Яны мілыя, гуллівыя, асабліва цяляты. Гляджу на іх і разумею, што гэта сапраўды маё, я на сваім месцы», – падзялілася Вікторыя.

Дзяўчына пазнаёмілася з прадпрыемствам яшчэ падчас практыкі. «У мяне была магчымасць папрацаваць на свінакомплексе. А затым, у другую практыку, працавала з каровамі, – успамінае дзяўчына. – У гэтую прафесію я ішла з упэўненасцю, што я буду працаваць у сельскай гаспадарцы. Тут жа таксама жывёлы, яны таксама маюць патрэбу ў доглядзе, падтрымцы, лячэнні, прафілактыцы».

«У гаспадарцы мяне падтрымліваюць, вельмі добрыя настаўнікі ёсць, якія даюць веды. Таму і на працу ішла не хвалюючыся, ведала, што мне дапамогуць, калі трэба будзе», – кажа Вікторыя.


Дзяўчына разам з мужам жыве ў вёсцы Бракава. «Там знаходзіцца малочны комплекс нашага прадпрыемства, дзе мы таксама працуем. І вось у гэтай вёсцы нам далі хату. Муж таксама працуе на агракамбінаце – ветурачом у цэху забою птушкі», – распавяла Вікторыя.

Сёння ўдзельнікі злёту наведалі ААТ «Амкадор–Семаш"» дзе іх пазнаёмілі з вытворчасцю.

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства адукацыі арганізуе рэспубліканскі злёт маладых работнікаў вёскі «АграБудучыня» для павышэння ўзроўню прафесійных кампетэнцый сельскай моладзі, абмеркавання актуальных праблем, абмену вопытам і атрымання новых ведаў. Мэтамі злёту з'яўляюцца стварэнне платформы для маладых спецыялістаў аграрнай сферы для абмену вопытам, ведамі і ідэямі, развіццё іх прафесійных навыкаў, абмеркаванне актуальных тэндэнцый у сельскай гаспадарцы і сумежных галінах.


Задачамі злёту з'яўляюцца павышэнне прэстыжу сельскай працы і матывацыі для пражывання ў сельскай мясцовасці, правядзенне майстар–класаў і трэнінгаў на фарміраванне новых ініцыятыў для развіцця сельскіх тэрыторый рэспублікі, стварэнне спрыяльнага асяроддзя для нетворкінга і абмену вопытам, неабходным для паспяховай работы ў сучаснай сельскай гаспадарцы.


БЕЛТА