RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Меры па садзейнічанні занятасці разгледжаны на сесіі Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў

Ход рэалізацыі ў Магілёўскай вобласці Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» быў сярод асноўных пытанняў парадку дня чарговай сесіі абласнога Савета дэпутатаў. Адзначалася, што ў першым паўгоддзі 2018 года сітуацыя на рынку працы рэгіёна характарызавалася зніжэннем ўзроўню зарэгістраванага беспрацоўя і ростам попыту на працоўную сілу.

Да 1 ліпеня гэтага года параметр беспрацоўя па вобласці да колькасці яе эканамічна актыўнага насельніцтва склаў 0,5 працэнта. За кошт стварэння новых вытворчасцей на зноў утвораныя працоўныя месцы ў першым паўгоддзі 2018 года працаўладкаваны 2491 чалавек – на 13,2% больш за ўстаноўленае на гэты перыяд заданне па іх.

Сітуацыя на рынку працы некалькі палепшылася нават у гарадах і раёнах, якія характарызуюцца напружанасцю становішча спраў у сферы занятасці. У тым ліку ў Бабруйску і на Крычаўшчыне.

Аднак у большасці раёнаў Магілёўшчыны зніжаецца колькасць насельніцтва, занятага ў яе эканоміцы. У 15 рэгіёнах Прыдняпроўскага краю скарачэнне занятых у эканамічным сектары ідзе сягоння тэмпамі, якія апераджаюць сярэднеабласны ўзровень.

Як вынік, узрастае попыт на працоўную сілу. Асабліва кваліфікаваных спецыялістаў-вытворцаў. І ўжо цяпер, як адзначалася першым намеснікам старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аляксандрам Крыкуновым, некаторыя арганізацыі вобласці сутыкаюцца з недахопам кадраў, які ўплывае на выніковасць іх дзейнасці.

Між тым у вобласці адзначаецца значная колькасць працаздольных, але непрацуючых па розных прычынах жыхароў. Да 1 ліпеня 2018 года, паводле інфармацыі гаррайвыканкамаў, іх налічвалася 18,8 тыс. чалавек.

На працу з імі і накіравана дзейнасць рэгіянальных камісій па працаўладкаванні незанятых грамадзян. У першым паўгоддзі гэтага года на іх пасяджэнне было запрошана 8,7 тыс. непрацуючых жыхароў Магілёўшчыны. Але прыйшлі туды далёка не ўсе з запрошаных. Працаўладкаванымі ж аказаліся толькі некалькі сотняў з непрацуючых.

Адна з асноўных прычын іх статусу – нізкая матывацыя да працы. Гэтую сітуацыю, як падкрэслівалася удзельнікамі пасяджэння, і неабходна ламаць.

У першую чаргу, вядома, самім непрацуючым. Яшчэ і з улікам вельмі істотнага для іх матывацыйнага аспекту – складаемых зараз спісаў грамадзян, якія аплачваюць з будучага года поўны аб’ём жыллёва-камунальных і іншых паслуг.

У цэлым жа, як адзначалася на сесіі, для паляпшэння ў рэгіёне сітуацыі з занятасцю насельніцтва неабходна прыняцце належных мер па росце колькасці занятых у яго эканоміцы. Як шляхам стварэння новых працоўных месцаў, так і з дапамогай навучання па запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцях.

Пры гэтым ахоп грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, мерамі па ўключэнні іх у працоўную дзейнасць павінен быць максімальным.

mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая