RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Міжнародны наглядальнік з Германіі: на ўчастках для галасавання добра выбудавана ўся работа

На ўчастках для галасавання добра выбудавана ўся работа. Такім меркаваннем падзяліўся міжнародны наглядальнік з Германіі Хайнц-Рудольф Вемаер, які працуе сёння на ўчастках для галасавання ў Магілёве.

«Я паспеў ужо азнаёміцца з работай некалькіх участкаў. Агульнае ўражанне - вельмі станоўчае. Настрой у людзей радасны і святочны. Работа на ўчастках для галасавання пабудавана вельмі добра - усё адпавядае тэхнічным нормам. Заўваг няма. Вельмі радуе вялікая ўвага насельніцтва да рэферэндуму. Людзі прыходзяць галасаваць, нягледзячы на тое што яшчэ толькі раніца і выхадны дзень», - падзяліўся міжнародны наглядальнік.

Як расказаў Хайнц-Рудольф Вемаер, у якасці наглядальніка ён выступае ўпершыню. «Я прыехаў па рэкамендацыі беларускага пасольства ў Берліне. Я не змог адмовіцца ад такой прапановы. Сёння гістарычна важны для Беларусі момант. І ўсе мы спадзяёмся, што дзякуючы гэтаму жыццё ў краіне стане яшчэ лепшым, - адзначыў ён. - Мяне заўсёды радавала ў Беларусі сацыяльная накіраванасць дзяржаўнай палітыкі, блізкія кантакты паміж урадам і насельніцтвам. Вельмі важна, каб жыццё прадаўжала ісці мірна і спакойна. Я рады, што змог прыехаць і паўдзельнічаць у такой знакавай для Беларусі і яе народа падзеі».

Міжнародны наглядальнік адзначыў і высокую культуру беларусаў. «Я прыехаў сюды, таму што вось ужо 30 гадоў падтрымліваю адносіны паміж Беларуссю і Германіяй. Асабліва паміж Вітэнбергам і Магілёвам - гэта гарады-пабрацімы. Наша моладзь, пажылыя людзі, турысты і спецыялісты розных напрамкаў любяць прыязджаць у Беларусь, у нас трывалыя грамадзянскія адносіны. І садзейнічае гэтаму агульная высокая культура беларусаў», - падзяліўся Хайнц-Рудольф Вемаер.

Участак для галасавання нумар 4, дзе цяпер працуе міжнародны наглядальнік, размясціўся ў політэхнічным каледжы ў Магілёве. Тут у спісы для галасавання ўнесены больш за 1,8 тыс. выбаршчыкаў. Як расказала старшыня камісіі Святлана Казлова, раніца на ўчастку пачалася дынамічна. «Нягледзячы на тое што ўчасткі сёння працуюць да самага вечара, выбаршчыкі сталі прыходзіць з самага адкрыцця ўчастка. Сёння асаблівы дзень у жыцці нашай краіны. І вядома, адчуваецца адказнасць - для нас важна, каб рэферэндум прайшоў як належыць, каб людзі былі задаволены наведваннем участка. Для гэтага ў нас створаны ўсе неабходныя ўмовы: зручнае размяшчэнне, выкананне проціэпідэмічных мер, абсталявана безбар'ернае асяроддзе. Рэферэндуму папярэднічала вялікая работа, але настрой ва ўсіх на ўздыме, як у членаў камісіі, так і тых, хто галасуе», - адзначыла яна.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая