RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Моладзь Магілёўскай вобласці святкуе «Дзень вышыванкі»

Напярэдадні галоўнага свята краіны Беларусь адзначае яшчэ адзін – «Дзень вышыванкі». Сёння яго праводзяць пятым разам, і гэта ўжо стала добрай традыцыяй, паведамілі ў Магілёўскім абласным камітэце ГА «БРСМ».

Моладзь Прыдняпроўскага краю актыўна падключыцца да свята. У Асіповіцкім раёне хлопцы і дзяўчаты ў вышыванках зробяць велапрабег па родных мясцінах. У Бабруйску валанцёры наведаюць радзільню, дзе падораць сувеніры і падарункі з нацыянальным арнаментам 8 нованароджаным. На плошчы каля Круглянскага райвыканкама адбудзецца акцыя «Я ў вышыванцы». Актывісты БРСМ правядуць тэматычную віктарыну з жыхарамі райцэнтра, раздадуць пераможцам стужачкі з арнаментам.

Акрамя таго, моладзевая дэлегацыя нашага рэгіёна сёння адправілася на «Дзень вышыванкі» ў сталіцу. На пляцоўцы ля Палаца спорту збяруцца прадстаўнікі ўсіх абласцей і Мінска, члены творчых клубаў і грамадскіх арганізацый, спартсмены, папулярныя беларускія выканаўцы, творчая моладзь і журналісты. Тут запланавана насычаная праграма.

Магілёўская вобласць арганізуе працу некалькіх пляцовак. Фотамайстэрня «Натхненне» будзе аформлена ў выглядзе беларускага падворка, дзе любы жадаючы зможа сфатаграфавацца з хэштэгамі. Тут жа разыграюць запрашальныя білеты на свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), якое пройдзе 11–12 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. У салоне «Азбука беларускага арнаменту» наведвальнікам прапануюць бод-арт – майстар-клас па афармленні прычосак з элементамі вышыванкі і арнаменту. На тэрыторыі інтэрактыўнай экспазіцыі «Мая Беларусь» будзе працаваць выстава-продаж вырабаў з дрэва, сувеніраў, абярэгаў, магнітаў. Стаць удзельнікам гульняў «Цяцерка», «Фарба», «Проса»госці свята змогуць на пляцоўцы «Краіна дзяцінства». Таксама падчас творчай эстафеты «Беларусь – крыніца натхнення» выступяць эстрадныя калектывы Прыдняпроўскага краю, запланавана дэманстрацыя традыцыйных строяў Магілёўскай вобласці.

«Беларускі арнамент–адзін з унікальных нацыянальных сімвалаў. Ён прайшоў скрозь стагоддзі і застаўся своеасаблівым культурным кодам краіны», – падкрэслілі суразмоўцы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая