Адзін дзень з жыцця салдата: патрыятычная акцыя для маладзёжных атрадаў аховы правапарадку прайшла ў Магілёве
Абласны этап рэспубліканскай акцыі «Я служу!» прайшоў сёння, 24 лютага, у Магілёве. Удзел у мерапрыемстве на базе вайсковай часці 72471 прынялі больш за паўсотні юнакоў — членаў маладзёжных атрадаў аховы правапарадку з усёй вобласці.

Удзельнікі ўбачылі паўсядзённы побыт і задачы вайскоўца знутры: у рамках семінара-практыкума «Адзін дзень з жыцця салдата» яны пазнаёміліся з працай групы сувязістаў, вывучылі абсталяванне вадалазаў, пабывалі на выставе зброі, наведалі музей вайсковай часці. Дзеці таксама далучыліся да адкрытага дыялогу «Беларусь. Мір. Стварэнне», дзе абмеркавалі ролю моладзі ў ахове правапарадку, грамадзянскую адказнасць і значнасць служэння Радзіме.


Сярод удзельнікаў акцыі - выхаванкі ваенна-патрыятычнага клуба «Славяне» Ангеліна Адамчанка і Вікторыя Дудзянкова са Слаўгарада. Дзяўчаты прызнаюцца, што такія мерапрыемствы дазваляюць прасякнуцца духам патрыятызму, знайсці аднадумцаў, даведацца пра новае і правесці час з карысцю:
- Думаем звязаць сваю будучыню з вайсковай службай. Гэта дастойная прафесія, у якой хочацца рэалізавацца. Выбар вельмі адказны, да якога трэба рыхтавацца маральна, псіхалагічна і фізічна. Сучасныя дзяўчыны нічым не саступаюць хлопцам у самавалоданні, інтэлекце і дысцыпліне, таму не дзіўна, што яны ўсё часцей носяць пагоны. Не будзем хітраваць, што ваенная форма ім вельмі да твару.
Прадстаўніка моладзевага атрада аховы правапарадку з Горак Іллю Лапушкіна ўразіла экскурсія ў вайсковую часць — прызнаецца, што шмат для яго было адкрыццём:
— Ніколі не бачыў ужывую, як працуюць вадалазы — апранаюць гідракасцюмы, апускаюцца пад ваду ў поўным рыштунку. Эмоцыі перапаўняюць, гэта вельмі цікава. Сапраўды кажучы, нават задумаўся стаць вадалазам - гэта адказная, адважная і патрэбная праца, якая не кожнаму па зубах. Армія - гэта сапраўды школа жыцця, якая дазваляе маладым людзям пасталець і стаць больш самастойнымі. Такая падрыхтоўка ўдалечыні ад бацькоў гартуе і дысцыплінуе. Мне ўжо 19 гадоў, планую служыць - гэта нават не агаворваецца.

Першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэта БРСМ Алег Бойка знаёмы з арміяй не па чутках: прайшоў тэрміновую ваенную службу, двойчы ўдзельнічаў у зборах рэзервістаў. Паводле яго слоў, акцыя накіравана на ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі, павышэнне прэстыжу воінскай службы і ўмацаванне ўзаемадзеяння паміж маладзёжнымі структурамі і Узброенымі Сіламі:
- Мы даем магчымасць нашым хлопцам пазнаёміцца з беларускім войскам - сучаснай, мабільнай і высокадакладнай структурай. Сёння цікавасць да вайсковай службы праяўляюць не толькі хлопцы, але і дзяўчаты. Лічыцца, што абарона Айчыны - гэта ў першую чаргу пра мужчын, таму што ў нашым грамадстве функцыя абароны ўскладаецца менавіта на моцную палову чалавецтва. Але і дзяўчаты гатовы служыць Беларусі, адстойваць яе інтарэсы, межы і суверэнітэт. І гэта правільна: у кожнага павінна быць магчымасць быць карысным сваёй краіне.



Переводчик