Будучая школа на вуліцы Гагарына ў Магілёве стане абласной маладзёжнай будоўляй
У гэтым годзе статус абласной маладзёжнай будоўлі атрымае будучая школа на вуліцы Гагарына ў Магілёве. У трэцім працоўным семестры над яе ўзвядзеннем будуць працаваць каля 80 маладых хлопцаў і дзяўчат з усяго рэгіёну, расказаў першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэта БРСМ Алег Бойка.
Да будаўніцтва новай школы на 1020 месцаў з басейнам у абласным цэнтры прыступілі ў сакавіку 2025–га, аб'ект плануюць увесці ўжо да новага навучальнага года. Тэрміны сціснутыя, работы ідуць актыўнымі тэмпамі, і дадатковая дапамога, у тым ліку ад студэнцкай моладзі, будзе дарэчы, упэўнены Алег Бойка:
– У Магілёўскай вобласці працягваецца практыка аб'яўлення абласных маладзёжных будоўляў. Па добрай традыцыі да ўдзелу ў такіх праектах запрашаюцца хлопцы з розных гарадоў і раёнаў. Для іх гэта выдатная нагода добра папрацаваць, зарабіць, пазнаёміцца і пагутарыць са сваімі аднагодкамі.
Прадстаўнікі Магілёўскай вобласці ў прыярытэтным парадку адправяцца працаваць і на іншыя знакавыя для беларускай моладзі аб'екты – будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці, Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі ў Мінску.
У гэтым годзе ў Магілёўскай вобласці плануецца працаўладкаваць амаль 9,5 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. Першыя студэнцкія атрады пачалі сваю работу на пасяўной, у лясгасах і на прадпрыемствах ЖКГ. Медыцынскі студэнцкі атрад працуе ў абласной клінічнай бальніцы, а фармацэўтычны – на аптэчным складзе ў Магілёве.
Студэнцкія атрады масава пачнуць працаваць у другой палове чэрвеня і пачатку ліпеня, калі хлопцы пасля сесій і экзаменаў пойдуць на летнія канікулы.
Переводчик