Каля 600 школьнікаў аб'яднаў форум Школ міру Магілёўшчыны
У абласным Цэнтры творчасці прайшоў форум Школ міру Магілёўшчыны, які сабраў каля 600 навучэнцаў з усяго Прыдняпроўскага краю. Мерапрыемства прайшло ўжо другі раз і сёлета адбылося пад дэвізам «Разам мы – Беларусь».
У мерапрыемстве прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Здорыкава, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Наталля Дашкова, старшыня праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення ГА «Беларускі фонд міру» Андрэй Нікіцін.


Як падкрэсліла Надзея Каткавец, для цяперашняга пакалення школьнікаў мірнае жыццё – рэальнасць, якую важна шанаваць і захоўваць.
– Цяжка пераацаніць значнасць той тэмы, якая сёння абмяркоўваецца на форуме. Мір – такое кароткае слова, і так шмат за ім стаіць. Вельмі важна, каб гэтая простая ісціна была пачута і ўспрынята вамі, нашым маладым пакаленнем, – адзначыла Надзея Мікалаеўна.


На працягу дня школьнікі не толькі гаварылі аб міры, сяброўстве і гістарычнай памяці, але і паказвалі канкрэтныя вынікі сваёй працы. Удзельнікі прадставілі гуманітарныя і патрыятычныя праекты, міратворчыя ініцыятывы і творчыя акцыі, якімі займаюцца ў сваіх установах адукацыі. Для рабят форум стаў таксама магчымасцю пазнаёміцца з вопытам аднагодкаў з іншых раёнаў і знайсці новыя ідэі для сумесных праектаў.






Пра дзейнасць сваёй школы расказала навучэнка сярэдняй школы № 2 г. Магілёва Соф'я Партыка:
– У нас праходзіць шмат розных валанцёрскіх акцый. Мы дапамагаем тым, каму патрэбна падтрымка, збіраем неабходныя рэчы і перадаем тым, хто мае патрэбу. Праводзім экалагічныя мерапрыемствы. Яшчэ наведваем воінскія пахаванні, ускладаем кветкі, удзельнічаем у памятных мерапрыемствах. А малодшым рабятам расказваем пра гісторыю нашай краіны, каб яны таксама ведалі яе і памяталі.


Асобнай часткай праграмы стала тэатралізаваная пастаноўка «Марыйка» паводле аднайменнай паэмы Алеся Казекі. Праз творчасць школьнікі змаглі звярнуцца да тэм гістарычнай памяці, чалавечых лёсаў і захавання міру.
Яшчэ адным важным момантам форуму стала ўзнагароджанне найбольш актыўных удзельнікаў рэспубліканскага праекта «Сетка Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь», ім уручылі дыпломы і медалі «Юны міратворац».





Завяршыўся форум ля Вечнага агню на плошчы Славы. Ганаровыя госці і ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі, ушанаваўшы памяць тых, хто абараняў Радзіму і ўнёс свой уклад у Перамогу.












Переводчик