У трэцім працоўным семестры Магілёўскі абласны штаб студэнцкіх атрадаў плануе працаўладкаваць амаль 9,5 тысячы маладых людзей – на 2 тысячы больш, чым летась. Пра гэта расказаў першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэта БРСМ Алег Бойка.

У трэцім працоўным семестры ў абкаме БРСМ намецілі высокую планку, і хлопцы выказваюць маладзёжнай арганізацыі поўны давер, адзначыў Алег Бойка:

– Студэнцкія атрады запатрабаваны ў моладзі: колькасць удзельнікаў летняй працоўнай занятасці расце год ад года. Дадаем па кожным профілі: фармуем больш будаўнічых, сельскагаспадарчых, педагагічных, сэрвісных, экалагічных, вытворчых і медыцынскіх атрадаў. Напрыклад, летась папулярнасцю карысталіся экалагічныя і аграрныя атрады – у кожным з гэтых напрамкаў працавала больш за 1 тысячу чалавек.

Штогод па ўсёй краіне атрымліваюць працаўладкаванне звыш 60 тысяч маладых людзей – пацвярджэнне таму, што ў студэнцкіх атрадаў ёсць уласны імідж і давер з боку наймальнікаў, падкрэсліў першы сакратар:

Нашым атрадам давяраюць будаўніцтва ключавых аб'ектаў, якія будуць служыць людзям дзесяцігоддзямі. Сярод яскравых прыкладаў — Музей Славы Магілёўшчыны на Буйніцкім полі, Беларуская атамная электрастанцыя, мемарыяльны комплекс «Хатынь», Нацыянальная бібліятэка. Сёння гэта таксама будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі ў Мінску, узвядзенне Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці – аб'екты, якія знаходзяцца ў статусе рэспубліканскай маладзёжнай будоўлі.

Дзеці з Магілёўскай вобласці таксама стануць удзельнікамі маштабных беларускіх працоўных праектаў на базе прамысловых гігантаў МАЗ, МТЗ, Мінскі электратэхнічны завод. Традыцыйна будуць працаваць у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна–аздараўленчым цэнтры «Зубраня».

У 2026 годзе працоўны семестр прысвечаны 85–годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, прадоўжыў Алег Бойка:

Моладзь разумее ступень значнасці, важнасці і трагізму падзей тых гадоў. Таму ў памяць аб нашых прадзедах, якія згуртаваліся ў імя перамогі над ворагам, мы працягваем рэспубліканскую ініцыятыву «Іх імёнамі названы студэнцкія атрады».

СБ