Міжнародны патрыятычны праект «Дарогамі памяці і славы» стартаваў на Буйніцкім полі
Міжнародны маладзёжны патрыятычны праект «Дарогамі памяці і славы»: даніна гераізму і сувязь пакаленняў» стартаваў 22 чэрвеня ў мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле».


У гэтым годзе ўдзельнікамі праекта сталі маладыя людзі з 22 рэгіёнаў Расіі і кожнага раёна Магілёўскай вобласці. На працягу 12 дзён яны будуць праходзіць шлях па месцах баявой славы Магілёўскай вобласці, каб ушанаваць памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны і дакрануцца да гісторыі краіны.
«Хлопцы адправяцца ў шлях па знакавых месцах той страшнай вайны, каб убачыць, адчуць і ўсвядоміць, якім коштам нам дастаўся мір. Каб словы «Мы памятаем! Мы ганарымся!» гучалі не толькі сёння, але і праз сто і праз дзвесце гадоў. Вельмі сімвалічна, што ў гэтым праекце прымае ўдзел унук героя–вызваліцеля. Ягоны дзед змагаўся тут, на Буйніцкім полі, каб мы ўсе маглі жыць мірным жыццём», – сказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

Як зазначыў першы сакратар Магілёўскага абкама ГА «БРСМ» Алег Бойка, сёлета праекту споўнілася пяць гадоў і з кожным годам ён прыцягвае ўсё больш і больш дзяцей. «Мы гаворым усім: наша моладзь памятае, ведае і шануе подзвіг дзядоў і прадзедаў, якія коштам уласных жыццяў і маладосці, аддадзеных сіл здабылі перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, падарыўшы нам мір і спакой, магчымасць будаваць гарады, ствараць сем'і і гадаваць дзяцей, – сказаў ён. – Наша моладзь удзячная продкам за гэта, за наша мірнае неба, заваяванае такім дарагім коштам».

Моладзь Беларусі і Расіі сваёй актыўнай жыццёвай пазіцыяй і цікавасцю да гісторыі сведчыць, што праект будзе жыць далей. «Праект важны і патрэбен, мы хочам яго развіваць – з года ў год ён папаўняецца новымі хлопцамі, да нас далучаюцца новыя рэгіёны Расіі. Такім чынам, для моладзі дзвюх краін тэма Вялікай Айчыннай вайны, захавання гістарычнай праўды і памяці застаецца актуальнай, – адзначыў Алег Бойка. – І ўжо сёння мы думаем аб тым, каб маштабаваць праект, зрабіць яго агульнарэспубліканскім. Але яшчэ трэба папрацаваць над праграмай і ўсімі аспектамі, каб захаваць і прымножыць усё тое, што было ўкладзена ў гэты праект».

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама пажадаў удзельнікам праекту добрага шляху. Пад гул аўтамабільных сігналаў яны рушылі ў дарогу. Маршрут праекту сёлета праляжа праз Магілёў, Клічаў, Глуск, Бабруйск, Асіповічы, Бабруйскі раён, Кіраўск, Горкі, Шклоў і Чавусы. У кожным пункце запланаваны маштабныя патрыятычныя і грамадскія мерапрыемствы. Гэта будуць працоўныя дэсанты, адкрытыя дыялогі з удзелам моладзі, грамадскіх аб'яднанняў, дзеячаў спорту, культуры, навукі і палітыкі, цырымоніі ўскладання кветак да памятных мясцін і воінскіх пахаванняў. А таксама флэшмобы, экскурсіі на вядучыя прадпрыемствы рэгіёна і канцэртныя праграмы. Разам з хлопцамі ў дарогу адправілася тэматычная перасоўная экспазіцыя, прысвечаная абароне Магілёва.






БЕЛТА, фота Галіны Гаўрыловіч
Переводчик