Новы сезон рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Зімовы маршрут» стартуе 26 студзеня ў Магілёўскай вобласці. Яго ўдзельнікі, байцы студэнцкага атрада «Ззянне» імя Героя Савецкага Саюза Ягора Юрчанкі, на працягу дзевяці дзён наведаюць школы Быхаўскага, Кіраўскага і Клічаўскага раёнаў.

У кожнай з дзевяці навучальных устаноў, дзе пабывае студэнцкая моладзь, будзе арганізавана шырокая і насычаная праграма. Актыўнасці разлічаны на цэлы дзень - з раніцы і да вечара, расказала галоўны спецыяліст аддзела праграмнай і арганізацыйна-кадравай работы Магілёўскага абкама БРСМ Арына Сафонькіна:

- Галоўнай мэтай паездкі стануць сустрэчы з навучэнцамі сельскіх школ. Атрад прывязе з сабой не проста канцэртную праграму, а цэлы адукацыйны і творчы дэсант. У штодзённым раскладзе - дзясяткі падзей, старанна спланаваных пад розныя ўзроставыя групы. Напрыклад, школьнікі паўдзельнічаюць ва ўроках памяці - інтэрактыўных сустрэчах, дзе гісторыя Вялікай Айчыннай вайны загучыць праз асабістыя гісторыі герояў.

Таксама запланавана правядзенне памятных і працоўных акцый - моладзь будзе ускладаць кветкі да мемарыялаў і добраўпарадкоўваць іх. Лідэры БРСМ пагутараць са старшакласнікамі аб выбары прафесіі, перспектывах развіцця рэгіёнаў і магчымасцях, якія дае ім маладзёжная арганізацыя. Вучні сельскіх школ у тым ліку пагрузяцца ў тэму сучаснай і бяспечнай атамнай энергетыкі, даведаюцца практычныя аспекты здаровага ладу жыцця.

У праграму ўвайшлі і творчыя майстэрні: пад кіраўніцтвам студэнтаў школьнікі створаць вырабы, малюнкі і аплікацыі на майстар-класах «Майструем і малюем разам». Неад'емнай часткай праекту стануць спартовыя актыўнасці, у тым ліку спартландыі і таварыскія матчы.

Апроч працы ў школах, байцы атрада «Ззянне» пазнаёмяцца з гісторыяй, славутасцямі і прамысловым патэнцыялам рэгіёна: яны наведаюць Баркалабаўскі жаночы манастыр, палацава-паркавы ансамбль у Жылічах, Быхаўскі камбінат аздобных матэрыялаў і сучасны спартовы комплекс «Бабруйск — Арэна.

- Ініцыятыва «Зімовы маршрут» - больш, чым акцыя: гэта масток паміж студэнцтвам і сельскай моладдзю, жывы дыялог, абмен энергіяй і ідэямі. Прыбыццё атрада «Ззянне» - гэта заўсёды падзея, якая зараджае аптымізмам, дорыць новыя веды і надоўга застаецца ў памяці ў школьнікаў рэгіёну, - склала Арына Сафонькіна.

Першай кропкай на карце «Зімовага маршруту» ў Магілёўскай вобласці стане Баркалабаўская сярэдняя школа.

СБ