Рэспубліканская экалагічная акцыя для навучэнцаў «Сцяжынкамі Бацькаўшчыны» стартуе ў Беларусі. Пра гэта паведамляе Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.

Як расказалі ў цэнтры, акцыя праводзіцца з лютага па кастрычнік 2026 года з мэтай павышэння экалагічнай культуры навучэнцаў праз даследчую і прыродаахоўную дзейнасць, накіраваную на зберажэнне прыродных рэсурсаў і ахову навакольнага асяроддзя. Удзельнікамі акцыі могуць стаць навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Правядзенне акцыі будзе праходзіць у чатыры этапы: першы - ва ўстановах адукацыі, другі - раённы (гарадскі), трэці - абласны, чацвёрты - рэспубліканскі. Канчатковыя вынікі акцыі падвядуць да 30 кастрычніка, а пераможцы будуць узнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Акцыя праводзіцца па трох намінацыях. У рамках намінацыі «Таямніцы Беларусі» трэба будзе прадставіць інтэрактыўныя віртуальныя экскурсіі па запаведных прыродных кутках сваёй малой радзімы. У намінацыі «Жывая вясна» будуць ацэньвацца назіранні першых з'яў белага і чорнага бусла, гусей, шпакоў, жаўрукоў, белай пліскі, чыбіса і чорнага стрыжа (на выбар). Абавязковай умовай з'яўляецца занясенне дадзеных у спецыяльную табліцу і наступнае афармленне справаздачы. Трэцяя намінацыя – «Сэрца, аддадзенае роднай зямлі» прысвечана Году беларускай жанчыны. У ёй будуць прымацца творчыя работы ў форме літаратурнага жанру (вершы ўласнага сачынення), прысвечаныя працаўніцам лясной і сельскай гаспадаркі, абаронцам прыроды. Дадаткам да працы могуць служыць аўтарскія ілюстрацыі, выкананыя ў свабоднай тэхніцы, а таксама фота аўтара.

Арганізатарамі акцыі выступаюць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, структурныя падраздзяленні абласных (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі.

БЕЛТА