На тэрыторыі Мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле» 17 чэрвеня адбудзецца рэспубліканскае адкрыццё трэцяга працоўнага семестра. Пра гэта паведаміў першы сакратар ЦК БРСМ Уладзімір Паўлоўскі.

Як адзначыў Уладзімір Паўлоўскі, мерапрыемства аб'яднае каля 500 байцоў студэнцкіх атрадаў з усіх рэгіёнаў краіны. Цырымонія адкрыцця трэцяга працоўнага семестра пачнецца з уручэння працоўных пуцёвак абласным (Мінскаму гарадскому) штабам студэнцкіх атрадаў, штабам рэспубліканскіх працоўных праектаў, зводным студэнцкім атрадам.

Да пачатку ўрачыстай цырымоніі байцоў чакае шэраг экскурсій, дзе ўдзельнікі пазнаёмяцца са знакавымі культурнымі і прамысловымі аб'ектамі, а таксама ўскладанне кветак ля мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле». «Саюз моладзі на сталай аснове рэалізуе комплекс мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і падтрыманні ў належным стане тэрыторый. Працоўныя акцыі з'яўляюцца дадаткам фактычна кожнага мерапрыемства, і адкрыццё трэцяга працоўнага семестра не стала выключэннем. На экскурсійных аб'ектах, а таксама па шляху руху ўдзельнікі арганізуюць пяць працоўных акцый», – канстатаваў першы сакратар БРСМ.

Уладзімір Паўлоўскі расказаў, што памятнай падзеяй не толькі для ўдзельнікаў, але і для жыхароў горада стане адкрыццё прыпыначнага пункта грамадскага транспарту ў раёне мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле», аформленага ў стылістыцы Беларускіх студэнцкіх атрадаў.

Паводле яго слоў, далей байцоў студэнцкіх атрадаў чакае не менш насычаная праграма. «На тэрыторыі Музея Славы Магілёўшчыны для непаўналетніх удзельнікаў будзе арганізавана гульня–галаваломкі «Сакрэт БСА». Паралельна на стадыёне «Спартак» адбудзецца здача нарматываў фізкультурна–спартыўнага комплексу беларускіх студэнцкіх атрадаў «Змагайся! Імкніся! Перамагай!». Завершыцца мерапрыемства традыцыйнай агульнаатраднай спеўкай», – праінфармаваў Уладзімір Паўлоўскі.

БЕЛТА