Абласны навучальны семінар–практыкум для кіраўнікоў студэнцкіх атрадаў і наймальнікаў пройдзе 9 красавіка ў Магілёўскім дзяржаўным інстытуце развіцця адукацыі. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным камітэце грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

Як расказалі арганізатары, мерапрыемства збярэ кіраўнікоў штабоў студэнцкіх атрадаў розных узроўняў: камандзіраў і камісараў, а таксама прадстаўнікоў устаноў адукацыі і арганізацый–наймальнікаў, якія прымаюць студэнцкія атрады.

«Удзельнікі абмяркуюць задачы развіцця беларускіх студэнцкіх атрадаў у Магілёўскай вобласці, – адзначылі суразмоўцы. – Праца будзе падзелена па напрамках. У фокусе – ахова працы, парадак прыёму байцоў, выкарыстанне сродкаў на развіццё атрадаў і пакрокавая тэхналогія арганізацыі дзейнасці. Асобны блок прысвецяць унутрыатраднай культуры, арганізацыі мерапрыемстваў і патрыятычнай віктарыне «Памяць на стагоддзі: Вялікай Перамозе 81».

Рэд.