У Магілёве пройдзе дзіцячы мастацкі пленэр «Фарбы Магілёва», прысвечаны 85–годдзю гераічнай абароны абласнога цэнтра. Творчае мерапрыемства запланавана з 24 па 29 чэрвеня, расказалі ў Магілёўскім гарвыканкаме.

Сярод удзельнікаў – навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў абласнога цэнтра, а таксама прадстаўнікі гарадоў–пабрацімаў ​​і гарадоў–партнёраў Магілёва з Санкт–Пецярбурга, Астрахані, Пензы, Бранска і Смаленска. Афіцыйнае адкрыццё адбудзецца 25 чэрвеня ў гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу, адзначылі прадстаўнікі гарвыканкама:

— Удзельнікі пленэру пазнаёмяцца з культурна–гістарычнай спадчынай Магілёва, абмяняюцца дасягненнямі і творчым вопытам, павысяць узровень прафесійнага майстэрства. Таксама ў праграме – майстар–класы прафесійных мастакоў, экскурсіі і забаўляльныя актыўнасці. Усё гэта будзе садзейнічаць яднанню і ўмацаванню сувязей паміж дзвюма краінамі.

Творчая работа юных мастакоў размеркавана па тэмах: «Магілёў – горад герояў», «Магілёў гістарычны», «Культурная спадчына Магілёва», «Святыні Магілёва», «Магілёў сучасны». У адпаведнасці з гэтымі кірункамі ўдзельнікі будуць адлюстроўваць месцы, звязаныя з баявой славай горада і гістарычным мінулым, а таксама храмы, помнікі архітэктуры, паркі, скверы і ўпадабаныя лакацыі адпачынку гараджан.

Беларусы і расіяне таксама будуць задзейнічаны ў святкаванні Дня горада ў Магілёве. Так, 27 чэрвеня з 12:00 да 14:30 на вуліцы Ленінскай разгорнецца сумесная праца ўдзельнікаў адразу двух пленэраў — «Фарбы Магілёва» і «Магілёў на палотнах расійскіх мастакоў».

Урачыстае закрыццё пленэру і ўзнагароджанне ўдзельнікаў пройдуць 28 чэрвеня ў выставачнай зале Магілёўскай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў.

СБ