RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Музычны фестываль «Вялікая бард-рыбалка» пройдзе 28–30 ліпеня на Чыгірынскім вадасховішчы.

ХII Музычны фестываль «Вялікая бард-рыбалка» пройдзе 28–30 ліпеня традыцыйна ў Быхаўскім раёне на Чыгірынскім вадасховішчы ў маляўнічым месцы на тэрыторыі базы адпачынку «Чачэвічы» Магілёўскага металургічнага завода. Музычны форум захавае свой мультыкультурны фармат. Гасцей і ўдзельнікаў традыцыйна чакаюць розныя творчыя, аздараўленчыя, турыстычныя, спартыўныя мерапрыемствы, конкурсы і праекты, а таксама шматгадзінная вячэрняя музычная праграма.

У рамках музычнага форуму - прэзентацыя маштабнага музычнага праекта «Песні нашага круга», куды ўвайшлі творы з залатога фонду аўтарскай песні Беларусі. Сваю музычную праграму рыхтуе расійская дэлегацыя Новасібірскай вобласці «Станцыя Сібір». Спецыяльна па заяўках гледачоў папулярнае трыа «Фіеста» з Маладзечна падрыхтавала канцэрт для дзяцей і іх бацькоў «Разам весела крочыць…», у якім прыме ўдзел самы папулярны расійскі дзіцячы кампазітар Рыгор Гладкоў. У праграме таксама канцэрт аўтарскага року, новую аўтарскую этна-праграму ў стылі world-music прадставіць гродзенскі гурт «Папараць».

Упершыню на бард-рыбалцы з сольнымі праграмамі выступяць вядомыя расійскія барды Сяргей Мацвеенка і Раман Філіпаў. Ну а галоўным хэдлайнерам музычнага форуму стане папулярная расійская спявачка Ірына Сурына, рэпертуар якой надзвычай шырокі - ад рускага фальклору да амерыканскага кантры, ад аўтарскіх песень і рамансаў да песень з савецкіх кінафільмаў. З больш падрабязнай праграмай можна азнаёміцца на абноўленым афіцыйным сайце праекту bard-rybalka.by. Дарэчы, кошт уваходнага білета застаўся нязменным - 20 беларускіх рублёў за тры дні наведвання фестывалю.

Гасцей музычнага свята парадуюць і мерапрыемствы, якія сталі традыцыйнымі. Гэта конкурс аўтарскай песні і паэзіі «Свой круг», рыбалоўныя спаборніцтвы на прызы мінскай крамы «Дзікі тунец», адкрыты турнір па пляжным валейболе на прызы кампаніі «Гродфуд» і самы прыгожы фестывальны праект – «Каралева бард-рыбалкі».

Знаёмства з арыгінальнымі тэхналогіямі і рэцэптурамі прыгатавання юхі і рыбных страў на адкрытым агні чакае гледачоў на свяце «Кiрмаш смаку». На вялікай фестывальнай паляне разгорнуцца інтэрактыўныя пляцоўкі «Кірмаш здароўя», «Горад майстроў», «Вясёлыя атракцыёны» і іншыя, а таксама будуць працаваць шматлікія фудкорты з прадуктамі харчавання і напоямі.

«Мы ўлічылі і вопыт мінулага года, калі з-за вялікай загружанасці намётавага лагера госці адчувалі дыскамфорт з размяшчэннем. Таму сёлета прадугледжана ў лясным масіве ў крокавай даступнасці ад фестывальнай паляны дадаткова вялікая пляцоўка з аўтамабільнай стаянкай, а таксама прадугледжана праца пляжнай зоны», - адзначылі ў аргкамітэце.

Музычны фестываль стартаваў у 2010 годзе і за кароткі час стаў адной з галоўных візітовак музычна-фестывальнага жыцця Магілёўскай вобласці і Беларусі, які адраджае традыцыі сямейнага турыстычнага адпачынку, аб'ядноўвае сяброўскія і карпаратыўныя кампаніі. За 11 гадоў музычны форум наведалі больш за 17 тысяч гледачоў, музыкантаў і артыстаў з 16 краін свету: Расіі, Літвы, Славакіі, Германіі, Чэхіі, Ізраіля, ЗША, Іспаніі, Кітая і іншых дзяржаў.

Арганізатарамі «Вялікі бард-рыбалкі» выступаюць Магілёўскі аблвыканкам і Быхаўскі райвыканкам, творчае аб'яднанне «Свой круг» і Палац культуры Магілёўскай вобласці.

Генеральныя партнёры праекта - ААТ «Зеніт» і ААТ «Булачна-кандытарская кампанія «Дамачай». Афіцыйныя інфармацыйныя партнёры - Выдавецкі дом «Беларусь сегодня», партал sb.by і «Альфа Радыё».

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая