RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Мы не застанемся ўбаку ад чужога гора» – у Магілёве збіраюць гуманітарную дапамогу для бежанцаў

Магілёўская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа збірае гуманітарную дапамогу для бежанцаў, якія ўжо амаль тыдзень знаходзяцца на беларуска-польскай мяжы. Машына з каштоўным грузам выедзе з Магілёва ў Гродна заўтра раніцай. Пра гэта паведаміў старшыня абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Андрэй Мартыноўскі.

«Галоўная місія нашай арганізацыі – паменшыць пакуты людзей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. І мы бачым, які жах зараз адбываецца на мяжы Беларусі і Польшчы. Там пакутуюць людзі. А гэта мужчыны, жанчыны, цяжарныя і дзеці рознага ўзросту. Цяпер халадае, людзям патрэбныя цёплая вопратка, ежа, вада. І мы аб’явілі ў абласным цэнтры збор рэчаў і прадуктаў для гэтых людзей. Таму што мы не можам застацца ў баку ад чужога гора», – адзначыў Андрэй Мартыноўскі.

У Магілёве на вуліцы Якубоўскага, 33 прымаюць цёплае адзенне і абутак для дарослых і дзяцей, няхуткапсавальныя прадукты харчавання, коўдры, сродкі гігіены. «Актыўна да дапамогі далучыліся прадпрыемствы Магілёва: «Дамачай», «Бабушкина крынка», «Магілёўліфтмаш» і іншыя. Нам паступае шмат званкоў, прыходзяць звычайныя жыхары горада. І кожны стараецца дапамагчы. Гэта сведчыць апрб тое, што ў нас спагадлівыя, міласэрныя людзі, якім балюча глядзець на пакуты іншых людзей», – падкрэсліў старшыня абласной арганізацыі.

Літаральна на днях збор гуманітарнай дапамогі для бежанцаў будзе арганізаваны і ў раёнах Магілёўскай вобласці. Дапамагчы зможа кожны жадаючы.

«Тое, што зараз адбываецца на мяжы, – страшна і не па-людску. Гэтыя людзі беглі ад вайны. Адзінае, што ім трэба, – магчымасць жыць у спакойнай і мірнай краіне. А цяпер ім даводзіцца начаваць на зямлі пад адкрытым небам. Чалавечае жыццё – самая вялікая каштоўнасць. І ў гэтай складанай і страшнай сітуацыі мы зробім усё магчымае, каб паменшыць пакуты бежанцаў», – падкрэсліў Андрэй Мартыноўскі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая