RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На Магілёўшчыне гаспадаркі актыўна ўключаюцца ў пасяўную

Магілёўшчына: з арыенцірам на каляндар, але больш – на зямлю

Дакладную задачу перад хлебаробамі на нарадзе па пытаннях гатоўнасці да правядзення веснавых палявых работ паставіў Прэзідэнт – узяць 9 мільёнаў тон збожжа. Уклад у агульную справу залежыць ад працы кожнага, ад таго, ці здолеюць тэхнолагі палёў спланаваць працы так, каб кожны гектар зямлі даў максімум аддачы. Для Магілёўскай вобласці гэта асабліва актуальна: у частцы раёнаў ужо ідзе сяўба, а больш паўночныя – у рэжыме гатоўнасці.

Пасяўная ў вобласці, нагадаем, стартавала з Бабруйскага раёна. Практычна адразу пасля абласных засевак тэхніку вывелі і ў СГФ «Чыгірынка» РУП «Беларуснафта-Магілёўнафтапрадукт» Кіраўскага раёна. Па традыцыі тут пачынаюць раней за іншыя гаспадаркі. Такую тактыку, кажа дырэктар Ігар Кузняцоў, дыктуюць асаблівасці глебы, пераважна пясчанай. У дажджлівыя перыяды, калі іншым у поле яшчэ блізка не выйсці, тут вада сыходзіць за лічаныя гадзіны:

– Прамаруджванне з пасяўной для нас абсалютна недапушчальнае: на пясках паспявай ухапіць вільгаць. Дарэчы, пры належнай арганізацыі і на іх можна і трэба вырошчваць кармавыя культуры, каб у поўным аб’ёме мець багатыя бялком кармы. Філіял на 100 працэнтаў забяспечаны ўгнаеннямі, трактары і агрэгаты падрыхтаваны да работы, – зазначае Ігар Уладзіміравіч.

Стаўка ў гаспадарцы большая на азімыя культуры. Раскладка ж па яравой сяўбе наступная: каля 500 гектараў зоймуць аднагадовыя травы, 635 – кукуруза на зялёную масу, далей авёс, гарох, кукуруза на зерне. Азімы клін складае больш за тысячу гектараў. Практычна ўсе збожжавыя падкормлены, як і шматгадовая трава. Той факт, што забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі складае 100 працэнтаў, сведчыць пра тое, што гаспадары тут сапраўдныя. На сеялцы зараз працуе механізатар Анатоль Кузьмін. Калі прыйдзе час кукурузы, у поле выведуць дзве адзінкі, каб праходзіць за дзень 60–70 гектараў.

Нават у разрэзе Кіраўскага раёна палявыя работы ідуць у розным рэжыме, адзначае першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Антаніна Смятана:

– Фронт работ зараз вялікі: ідзе ўнясенне арганікі, падкормка азімых збожжавых азотнымі ўгнаеннямі, падрыхтоўка глебы. Што да сяўбы, падступаемся да яе паступова. Там, дзе падсохла, тэхніка тут жа выходзіць у поле. Яравы клін у раёне складае 4 тысячы гектараў – гэта ячмень, авёс, зернебабовыя. Каб на выхадзе атрымаць самавіты каравай (а летась ён склаў 50 тысяч тон) павінна строга выконвацца тэхналогія. Тут нічога новага не папішаш. Важна не страціць вільгаць, вырабіць падкорм. Для гэтага ёсць тэхніка і рэсурсы.

Пра тое, што сёлета як ніколі важна не схібіць, дакладна разумеюць і ў Быхаўскім раёне. У ААТ «Абідавічы» сяўбу пачалі 26 сакавіка і ні на дзень не спыняліся. Дырэктар Мікалай Філатаў тлумачыць гэта тым, што, як толькі зямля пусціла, тут жа ўзяліся за працу:

– Раннюю ярыну трэба пасеяць на плошчы 1800 гектараў, 500 гектараў шматгадовай травы, 430 – аднагадовай, 1700 – кукурузы. Разумеем, што гэта вялікія аб’ёмы, таму кожны дзень на рахунку. Для сябе зрабілі высновы па мінулым годзе і для аграномаў паставілі адзіную задачу – адсеяцца ў тэрмін у адпаведнасці з тэхналогіяй. Мы ўжо пасеялі 490 гектараў ранняй ярыны і 180 гектараў шматгадовай травы. Жадаем зрушыць акцэнты і скончыць пасяўную не 23 красавіка, а да 20 чысла. Патрэбен зазор, каб паспець, як кажуць у народзе, пачысціць пёры і прыступіць да сяўбы кукурузы. На гэту задачу кінуты ўсе сілы. Каб прастымуляваць механізатараў, на калектыўным сходзе было вырашана: работа ў полі ідзе без збояў, з дакладным выкананнем тэхналогіі – атрымай 40 працэнтаў да акладу.

Мікалай Уладзіміравіч арыентуецца на яшчэ адну дату ў календары. Гаворыць, рыхтуюцца да 9 Мая:

– Калі краіна будзе адзначаць Дзень Перамогі, хочам адсвяткаваць і сваю перамогу ў бітве за ўраджай, цалкам завяршыць сяўбу.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая