Аграрыі Магілёўскай вобласці пераадолелі сур'ёзную мяжу – агульны намалот рэгіёну склаў 1 млн т збожжа.

На палях СВК «Калгас «Радзіма» ў Бялыніцкім раёне прайшло ўрачыстае мерапрыемства па перадачы караваяў з новага ўраджаю ва ўсе раёны Магілёўскай вобласці.


З такім важным дасягненнем аграрыяў вобласці павіншаваў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Ён падкрэсліў, што жніво ідзе арганізавана, усё неабходнае для якаснай уборкі ўраджаю ў рэгіёне ёсць. Дабраволіць і надвор'е.


«Нам яшчэ трэба прыбіраць бурак, кукурузу і бульбу. Таму для нас учорашні дождж – гэта бясплатныя інвестыцыі ў сельскую гаспадарку, – сказаў старшыня аблвыканкама. – Сёння мы перасягнулі планку ў мільён тон, упэўнена рухаемся далей. Я думаю, што тыя аб'ёмы, якія мы запланавалі – а гэта не ніжэй за ўзровень мінулага года – сёлета ў Магілёўскай вобласці будуць».


Мільённы рубеж – паказчык працы ўсяго аграпрамысловага комплексу за цэлы год. Але ўжо зараз трэба думаць аб будучыні. «Сёння мы закладваем ураджай 2027 года. На працягу 4–5 дзён скончым сяўбу азімага рапсу, далей пойдуць іншыя азімыя культуры. Таксама трэба займацца ўзворваннем, убраць 150 тыс. га кукурузы, з іх каля 115 тыс. га на сілас, астатняе на зерне. Плюс яшчэ грэчка, проса, лён, у гэтым годзе ён вырас нядрэнным, – пералічыў Анатоль Ісачанка. – Сёння трэба больш думаць аб ураджаі і аб вале (валавым зборы. – Заўвага БЕЛТА) 2027 года. Цяпер нам трэба крыху прыкласці намаганняў, каб прыбраць тое, што засталося, плюс закласці аснову для наступнага года».


Павіншавала ўсіх і памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец. «Гэта моцна і магутна. Пры ўсіх складаных момантах, якія прысутнічаюць у гэтай працы, ёсць вынік – 1 млн тон збожжа. І гэта застанецца ў памяці», – падкрэсліла яна.

Цяпер на палях рэгіёну актыўна ідуць палявыя працы. Працягваецца ўборка збожжавых, ідзе ўзворванне і сяўба ўраджаю наступнага года, працягваецца нарыхтоўка кармоў. Аграрыі працягваюць дасягаць высокіх вынікаў у намалотах. На сённяшні дзень у Магілёўскай вобласці 289 экіпажаў перайшлі тысячныя рубяжы, 26 – двухтысячныя. У рэгіёне пяць механізатараў намалацілі 3 тыс. т і адзін – 4 тыс. т.


Сярод вадзіцеляў тысячу тон збожжа перавезлі 153 чалавекі, 55 вадзіцеляў – 2 тыс. т. Яшчэ 21 вадзіцель перавёз 3 тыс. т, восем – 4 тыс. т.

Працуе на палях і моладзь. І яны актыўна задаюць тон уборцы. Сярод іх 27 тысячнікаў, 5 двухтысячнікаў і два трохтысячнікі – Іван Здаравікоў з ЗАТ «Агракамбінат «Зара» Магілёўскага раёна і Андрэй Дрозд з ААТ «Світанак ім. К.П.Арлоўскага» Кіраўскага раёна.


БЕЛТА