Магілёўскай вобласці ўдалося не проста захаваць тэрыторыі, якія пацярпелі ад наступстваў аварыі на ЧАЭС, але і зрабіць іх камфортнымі для людзей. Аб гэтым заявіў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка на сустрэчы з удзельнікамі ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС 25 красавіка ў Музеі Славы Магілёўшчыны.

На сустрэчу сабраліся больш за 100 чалавек – удзельнікі ліквідацыі наступстваў з усяго рэгіёну. Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што ў зоне забруджвання тады аказалася каля 40 працэнтаў усіх тэрыторый Магілёўскай вобласці. Аднак сур'ёзных наступстваў для рэгіёну ўдалося пазбегнуць. І ў гэтым у тым ліку заслуга тых, хто сабраўся сёння ў залі. «Вы годна справіліся з гэтай задачай – без сумневаў і страху, у адзіным страі, падстаўляючы адзін аднаму плячо, – сказаў ён. – Чарнобыль з'яднаў беларусаў у імкненні захаваць пацярпелыя рэгіёны. За гэтыя гады была праведзена каласальная работа. Мы не кінулі нашы землі. Дзякуючы дзяржаўным праграмам і працы нашых людзей пацярпелыя раёны жывуць і развіваюцца».

«За апошнія дзесяць гадоў у эканоміку і сацыяльную сферу паўднёва–ўсходніх раёнаў вобласці інвеставана больш за 3 млрд рублёў. Створана каля 400 новых вытворчасцей, што дало магчымасць працаўладкаваць больш як 3,5 тыс. чалавек, – пералічыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама. – Мы не проста захавалі гэтыя тэрыторыі, мы зрабілі іх камфортнымі для людзей. У іх ідзе актыўная газіфікацыя, пракладваюцца новыя вадаправоды і дарогі, развіваецца сацыяльная сфера, будуецца новае жыллё».


Толькі за апошнія пяць гадоў гэтыя раёны прыраслі сур'ёзнымі і патрэбнымі аб'ектамі. У Касцюковічах пабудавалі раённы Цэнтр культуры, у Слаўгарадзе – басейн, правялі рэканструкцыю паліклінік і бальніц у Слаўгарадзе, Краснаполлі, Чэрыкаве, Хоцімску, Крычаве, Касцюковічах, адкрылі новы рэабілітацыйны корпус дзіцячай абласной бальніцы. «Галоўны паказчык развіцця чарнобыльскіх раёнаў – тое, што ўзровень нараджальнасці ў іх вышэй, чым па вобласці, – падсумаваў Анатоль Ісачанка. – Мы не проста аднавілі жыццё на гэтых землях – мы даказалі, што яны могуць быць паспяховымі і перспектыўнымі».

Падчас сустрэчы 19 ліквідатараў былі ўзнагароджаны нагрудным знакам «За заслугі ў пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС». У іх ліку – дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці Васіль Аніскін, які 24 красавіка адзначыў 70–годдзе.


«Сорак гадоў таму, калі ў Беларусь прыйшла бяда, я, як і многія іншыя, як нашыя дзяды і бацькі ў свой час, стаў на абарону радзімы. У складзе медыцынскага батальёна я быў накіраваны ў Брагін. Там мы разгортвалі сартавальны шпіталь, абследавалі людзей, якіх эвакуіравалі з гэтай зоны, – распавёў ён. – Цяпер мы бачым, што дзяржава не кінула як чарнобыльцаў, так і раёны, якія пацярпелі ад аварыі. Вялікая падзяка Прэзідэнту, што ён сочыць за тым, каб нашы раёны, асабліва ўсходнія, развіваліся, землі аднаўляліся, а людзі тамака пражывалі ў камфортных умовах. Тэрыторыі развіваюцца, сельская гаспадарка працуе, людзі там працуюць і добра жывуць».


Атрымаў узнагароду і ветэран МУС з Бабруйска Міхаіл Карпаў. Мужчына аб падзеях 40–летней даўнасці ўспамінае сціпла, кажа, што радзіме патрэбна была дапамога, а таму рашэнне прымаў хутка. «Патрапіў туды ў чацвёртай партыі, ахоўвалі там вёскі, неслі службу ў Нараўлянскім раёне, – адзначыў ён. – Мы ўсе ўдзячныя нашай дзяржаве, што нас не забываюць, што не адмовіліся ад пацярпелых раёнаў: жыццё там аднаўляецца, усё робіцца. Гэта ж наша зямля, там жывуць нашыя людзі».

БЕЛТА