Урачысты прыём, прысвечаны Дню маці, адбыўся сёння ў Музеі Славы Магілёўшчыны. Напярэдадні светлага восеньскага свята 30 маці з усяго рэгіёна былі запрошаны на афіцыйную цырымонію. За нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей ордэна Маці ўдастоены сем з іх – Аксана Антоненка з Бабруйскага раёна, Анастасія Пісарава з Касцюковіцкага раёна, Ірына Аўдзеева з Крычаўскага раёна, Людміла Шышкова з Мсціслаўскага раёна, Марыя Дзенісенка з Слаўгарадскага раёна, Вольга Марозава з Бабруйска і Ганна Бандарэнка з Магілёва. Ганаровыя ўзнагароды ў святочнай атмасферы шматдзетным маці ўручыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. 


Таксама ўдзел у мерапрыемстве прынялі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін, кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама.


Анатоль Ісачанка павіншаваў жанчын з Днём маці, падкрэсліўшы, што гэта свята, якое адгукаецца ў сэрцы кожнага з асаблівай цеплынёй: «Ёсць у нашым жыцці словы, сэнс якіх не трэба тлумачыць. Яны зразумелыя з самага дзяцінства: мама, дом, Радзіма. З гадамі мы ўсё глыбей усведамляем, як цесна яны злучаны паміж сабой. Менавіта мама адчыняе дзіцяці мір. Вучыць яго казаць, суперажываць, адрозніваць дабро ад зла. Побач з ёй ён упершыню даведаецца, што такое клопат і справядлівасць. Гэтыя першыя ўрокі становяцца для яго маральным арыенцірам на ўсё жыццё».


Ён таксама адзначыў, што менавіта маці, расказваючы дзіцяці пра прадзеда, які ваяваў і вучачы берагчы хлеб, паважаць чужую працу, робіць паняцце «Радзіма» дарагім і асабістым. «Разумеючы асаблівую важнасць дзяцінства і мацярынства дзяржава надае ім вялікую ўвагу. Клопат аб сям'і – не разавая акцыя, а сістэмная праца, пабудаваная так, каб мама адчувала: дзяржава не проста кажа «дзякуй», а рэальна дапамагае. Бо моцная, шчаслівая сям'я – гэта і ёсць сучаснасць будучыні нашай краіны – аснова нацыянальнай бяспекі і працвітання», – падкрэсліў ён. Пры гэтым акцэнтаваўшы, што няма нічога важней мацярынскага цяпла, душэўнай шчодрасці і мудрасці. Асаблівыя словы ўдзячнасці кіраўнік рэгіёну адрасаваў шматдзетным і прыёмным маці, якія падарылі дзіцяці сям'ю, пачуццё абароненасці і ўпэўненасць: яго любяць і заўсёды чакаюць дома.


Анатоль Ісачанка падзякаваў маці за бясконцае цярпенне, за бяссонныя ночы, за ўменне знаходзіць патрэбныя словы ў самыя цяжкія хвіліны: «Дзякуй за тую цеплыню, якую вашыя дзеці нясуць з сабой у дарослае жыццё. Жадаю вам моцнага здароўя, сямейнага шчасця і дабрабыту! Няхай у вашых дамах заўсёды будзе мір, утульнасць і спакой!», – пажадаў ён.


Узнагароджаныя маці ў гэты дзень падзяліліся сваімі эмоцыямі і гісторыямі. Так, магіляўчанка Ганна Бандарэнка, у сям'і якой падрастаюць пяцёра дзяцей, расказала, што быць шматдзетнай мамай – гэта шчасце і яно памнажаецца шматразова, калі побач ёсць надзейны муж і падтрымка дзяржавы: «У першую чаргу, выказваю найглыбейшую падзяку нашаму Прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, ураду Рэспублікі Беларусь, абласному выканаўчаму камітэту за высокую ўзнагароду – ордэн Маці, за падтрымку, якая аказваецца шматдзетным сем'ям. Падтрымка важная для кожнай сям'і, дзе выхоўваюцца дзеці і выхаванне дзяцей без дзяржаўнай падтрымкі было б цяжкім. Дзяржава ўвесь час стварае сацыяльныя маштабныя праграмы, тым самым ствараючы ўмовы для нараджэння, выхавання дзетак. Палітыка нашай дзяржавы па падтрымцы шматдзетных сем'яў дала нам магчымасць стаць шматдзетнымі бацькамі. Сёння вельмі ўрачысты, хвалюючы дзень у маім жыцці. Мне вельмі прыемна знаходзіцца на гэтым мерапрыемстве, для мяне вялікі гонар атрымаць ордэн Маці. Вялікі дзякуй, ад мяне асабіста, ад усіх жанчын, якія прысутнічаюць у зале, за падтрымку сем'яў. Мы ганарымся нашай краінай. І ў сваю чаргу робім усё, што ад нас залежыць, каб нашы дзеці выраслі годнай зменай. Каб яны захавалі прынятыя народам маральныя каштоўнасці і добрыя традыцыі».

Яшчэ адна з узнагароджаных мам Людміла Шышкова распавяла, што ў іх сям'і – пяцёра дзяцей: «Старэйшая Вікторыя займаецца гітарай, валейболам, Вераніка займаецца танцамі, вышываннем, бісерам, сын Косця займаецца танцамі, вакалам, ходзіць на кікбоксінг, нашы малодшыя. Вялікая сям'я – гэта апора, падтрымка. Дзеткі добрыя, муж выдатны – гэта ж шчасце. Не думалі, што станем шматдзетнай сям'ёй, але, калі нарадзілася другое дзіця, вырашылі, што ў нас будзе пяцёра. Клопаты ёсць, але дзеці прыносяць у дом утульнасць, цеплыню.

Тым больш, калі дзяржава дапамагае: у нас ёсць кватэра, пабудаваная са льготным крэдытам, мы скарысталіся матчыным капіталам і купілі другое жыллё – дом. Дзяржава нам дапамагла вельмі – удзячная ад душы. Я хвалявалася тыдзень, калі даведалася аб узнагароджанні. І сёння таксама. Для мяне гэта – да слёз, гэта гонар, гэта самая вялікая ўзнагарода за тое, што я магла іх выхаваць: што і ў школе добра паводзяць сябе, і ў грамадстве выяўляюцца, і да бацькоў, і да бабуль і дзядуляў годна ставяцца. Гэтае невымоўнае пачуццё – быць мамай і цешыцца поспехам сваіх дзяцей».


Высокай узнагароды была ўдастоена ў гэты дзень і Марыя Дзенісенка, якая выхоўвае разам з мужам пецярых дзяцей: «Вялікая сям'я – гэта шчасце. І калі ў сям'і паразуменне, калі ўсе здаровыя. Мы хочам, каб нашыя дзеці былі добрымі людзьмі, дапамагалі нам, любілі сваю краіну. Хлопчыкі павінны вырасці абаронцамі, дзяўчынкі – знайсці сваё прызначэнне. А самае галоўнае, каб былі шчаслівымі і здаровымі».


Сярод узнагароджаных у гэты дзень была і Ірына Аўдзеева, у сям'і якой выхоўваюцца двое хлопчыкаў і тры дзяўчынкі. Старэйшаму з дзяцей – 23 гады, малодшаму – 1,8 гады: «Сям'я дружная, шумная, адзін аднаму, вядома, дапамагаем. Маляняты вельмі цягнуцца да старэйшых. Дзяцей вучу прыстойнасці, дабрыні. Самая галоўная мара для мамы, каб былі шчаслівыя яе дзеці. Знайшлі сябе ў жыцці, свой жыццёвы шлях, уладкаваліся там, дзе ў іх будзе ляжаць душа. Каб карыснымі былі нашаму грамадству, каб апраўдалі мае спадзяванні. Таму што ў іх я ўкладваю добрыя якасці: цярпенне, праца, павага, і заўсёды кажу, што ў любой сітуацыі чалавек павінен заставацца чалавекам».

Таксама сярод запрошаных на ўрачыстасць была магіляўчанка Ганна Баранава, сям'я якой стала пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года» 2026 года: «У нас у сям'і трое дзяцей: дачка Яна і два сыны – Жэня і Міша. Калі нам прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе, мы вырашылі, што мы суцэла годная сям'я, каб паказаць на ўсю вобласць, якія мы творчыя, цікавыя, крэатыўныя і, у цэлым, я думаю, што наша перамога ў намінацыі «Добрае сэрца» на рэспубліканскім этапе стане адпраўной кропкай для іншых сем'яў. Каб паказаць, што маленькая сям'я можа дабіцца многага. Мы займаемся дабрачыннасцю – у нас свой сацыяльны праект дапамогі неданошаным дзеткам. І мы, у прынцыпе, на ўсю рэспубліку заявілі аб гэтым праекце для таго, каб далей дапамагаць мамам і малым у нас у краіне. Я шчаслівая жанчына – у мяне ёсць вялікая сям'я, любячы муж. У мяне ўсё для гэтага ёсць. Хочацца, каб наша сям'я была як мага часцей разам, праводзіла разам святы, разам падарожнічала і з'яўлялася такім жа прыкладам для іншых сем'яў. Каб іншыя маладыя сем'і нараджалі больш дзяцей, каб бачылі: шматдзетная сям'я – гэта выдатна, гэта сэнс жыцця. Мы робім усё для сваіх дзяцей і разумеем, што ў іх шчасце. І далей яно толькі большае. Гэта вельмі цікава – жыць жыццё: сваё, сваіх дзяцей. І гэтае пастаяннае развіццё.

Важна таксама, што мы ведаем, што за нашымі плячыма дзяржава, якая нас цалкам падтрымлівае, накіроўвае. І дзякуючы гэтаму ў нас ёсць упэўненасць у заўтрашнім дні, у тым, якая будзе будучыня ў вашых дзяцей, у тым, што мы не адны, нават калі какие–то складанасці здараюцца, заўсёды можна звярнуцца, заўсёды падтрымаюць і заўсёды накіруюць у патрэбны кірунак».


Прыняла ўдзел у свяце і «Прыгажосць Беларусі – 2025» Вольга Гарачава з Бабруйска: «Я мама чацвярых дзяцей. Старэйшаму сыну – дзесяць гадоў, сярэдняму – пяць, і каралеўскія двайняты – ім па два годзікі. Дзеці выдатныя і кожная мама ганарыцца сваімі дзеткамі. Гэта наш сэнс жыцця, гэта наша шчасце, гэта бязмежнае каханне, якое мы дорым штодня ім, а яны нам. Вядома, вельмі прыемна атрымаць віншаванні з Днём маці на такім высокім узроўні».

Як расказала старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Марыя Шапнеўская, у рэгіёне вельмі шмат робіцца для развіцця інстытута мацярынства. На сённяшні дзень у вобласці налічваецца больш за 12 тыс. шматдзетных сем'яў. «Прыемна адзначыць, што больш за 1,7 тыс. маці Магілёўшчыны маюць ордэн Маці, гэта значыць выхавалі пяць і больш дзяцей. Толькі сёлета мы ўзнагародзілі 62 жанчыны.

Якая яна мама – ведаюць толькі яе дзеці і яна сама. У любым выпадку, яна працавітая, энергічная і патрыятычная. Вельмі многія маці працуюць – яны актыўныя і працавітыя», – адзначыла Марыя Шапнеўская.


Яна таксама падрабязна спынілася на мерах дзяржаўнай падтрымкі. У рэспубліцы намечана 11 відаў розных дапамог, накіраваных на падтрымку сем'яў. На постсавецкай прасторы толькі ў Беларусі маці можа знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску тры гады, атрымліваючы дапамогу. Пры нараджэнні першага дзіцяці кожная маці атрымлівае сем бюджэтаў пражытачнага мінімуму, пры нараджэнні другога і наступных – дзесяць. З 2015 года ў рэспубліцы выдаецца сямейны капітал шматдзетным сем'ям. «У гэтым годзе сямейны капітал атрымалі больш за 640 сем'яў. Быць шматдзетнымі – гэта модна, гэта крута і цікава. Усё гэта накіравана на тое, каб шматдзетных сем'яў рабілася больш. І чым больш будзе моцных сем'яў у Рэспубліцы Беларусь, тым больш мы можам спадзявацца на квітнеючую будучыню», – рэзюмавала Марыя Шапнеўская.


Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч