Надыходзіць час пэўнай адказнасці за вынік у рабоце прадпрыемстваў АПК, перад рэгіёнам стаяць сур'ёзныя задачы. Аб гэтым сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой падчас нарады ў Глускім райвыканкаме.


Такія рабочыя паездкі ў раёны, зазначыў ён, традыцыйныя ў рамках кантролю за выкананнем даручэння Прэзідэнта па так званым віцебскім пратаколе. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта наведаў прафілакторый, які будуецца, на малочнатаварным комплексе «Калацічы» ААТ «Эксперыментальная база «Глуск», а таксама азнаёміўся з ходам рэканструкцыі МТК паблізу вёскі Дуброва ААТ «Глускі Агра». Работы тут вядуцца ў рамках указа Прэзідэнта №143.


«Даручана штоквартальна падводзіць вынікі і даваць прынцыповую ацэнку рабоце кадраў у частцы павышэння эфектыўнасці аграпрамысловага комплексу нашай вялікай тройкі – Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей, – сказаў ён. – Сёння пачалі з больш кропкавых элементаў: даручэнняў, звязаных з будаўніцтвам прафілакторыяў і праграмай па мадэрнізацыі, узвядзенні і рэканструкцыі малочнатаварных комплексаў у цэлым. Пэўныя контуры гэтай працы паглядзелі на практыцы».

Кожны раён удзельнічаў у стварэнні набору адпаведных мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё АПК. І летась на гэта было патрачана не мала часу. «Ужо надыходзіць час пэўнай адказнасці за вынік, – падкрэсліў Дзмітрый Круты. – І ў рамках пяцігодкі, а таксама 2026 года, трэба паглядзець, на якім мы сёння ўзроўні знаходзімся, што не атрымліваецца і якія трэба прыняць крокі, каб сітуацыю выправіць».


Цяпер падводзяць першыя вынікі работы ўсёй галіны: як прайшла зімоўка жывёлы, як ідуць пасяўныя работы, пачалася нарыхтоўка травяністых кармоў. Як адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, перад Магілёўскай вобласцю стаяць сур'ёзныя задачы.

І сёння, акцэнтаваў увагу Дзмітрый Круты, першая задача – вызначыцца, што адбываецца ў жывёлагадоўлі. «Другая – што мы будзем рабіць у раслінаводстве ў бліжэйшыя месяцы, каб па выніках года не канстатаваць, што чагосьці мы не дасягнулі, – сказаў ён. – Вельмі шмат рашэнняў прынята ў апошнія паўгода, звязаных з інвестыцыйным будаўніцтвам, сістэмай функцыянавання аграпрамысловага комплексу: і цэнтралізацыя закупак па цэлай наменклатуры сельскагаспадарчых сыравінных кампанентаў і складнікаў, і запчасткі».


БЕЛТА