Магілёўская і Бухарская вобласці абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка правёў сёння сустрэчу з дэлегацыяй Бухарскай вобласці Рэспублікі Узбекістан на чале з хакімам Бацірам Зарыпавым. У склад дэлегацыі таксама ўвайшлі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Нурыдзін Мамажонаў, саветнік па гандлёва–эканамічных пытаннях Пасольства Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Хасан Назараў, а таксама прадстаўнікі бізнес–дэлегацыі Бухарскай вобласці.
Вітаючы гасцей, Анатоль Ісачанка прадставіў эканамічны і прамысловы патэнцыял Магілёўскай вобласці. Асаблівая ўвага ў ходзе сустрэчы была ўдзелена дынаміцы гандлёва–эканамічнага супрацоўніцтва. Глава рэгіёна падкрэсліў, што Узбекістан ужо ўваходзіць у пяцёрку ключавых гандлёвых партнёраў Магілёўскай вобласці. За апошнія пяць гадоў аб'ём знешняга гандлю з рэгіёнамі Узбекістана вырас у 2,6 раза – з $13,5 млн да $35,2 млн у 2025 годзе, а ў студзені–маі 2026 года прырост склаў звыш 54%. Пры гэтым, паводле слоў старшыні аблвыканкама, патэнцыял супрацоўніцтва значна вышэйшы.
Анатоль Ісачанка адзначыў, што III Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, які нядаўна прайшоў у Мінску, даў сур'ёзны імпульс развіццю партнёрскіх сувязей на ўзроўні абласцей дзвюх краін. З 23 ліпеня прадстаўнікі дзелавых колаў Бухарскай вобласці рабілі рабочыя паездкі ў шэраг раёнаў Магілёўшчыны, у ходзе якіх былі прапанаваны зямельныя ўчасткі для вырошчвання сельскагаспадарчых культур, стварэння жывёлагадоўчых комплексаў і вадаёмы для прамысловага рыбаводства.
«І ўжо ёсьць канкрэтны вынік. У Дрыбінскім раёне зарэгістраваная фірма па развядзенні буйной рагатай жывёлы, а ў Клімавіцкім раёне – па вырошчванні збожжавых і бабовых культур», – паведаміў Анатоль Ісачанка. Акрамя таго, бізнес–місія азнаёмілася з работай Магілёўскага мясакамбіната, Клімавіцкага камбіната хлебапрадуктаў, «Сервалюкс Агра», Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства і Клімавіцкага лясгаса.
Анатоль Ісачанка выказаў упэўненасць, што візіт дэлегацыі Бухарскай вобласці паслужыць асновай для далейшых практычных крокаў па развіццю супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі.
У сваю чаргу Бацір Зарыпаў адзначыў, што ў апошнія гады адносіны паміж Беларуссю і Узбекістанам дынамічна развіваюцца. Ён высока ацаніў патэнцыял Магілёўскай вобласці і зазначыў, што Бухарская вобласць таксама дэманструе рост.
«Нядаўні візіт нашага паважанага Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірамонавіча Мірзіёева ў Рэспубліку Беларусь даў новы імпульс развіццю міждзяржаўных адносін і, у тым ліку, міжрэгіянальных адносін», – падкрэсліў ён, адзначыўшы, што сёння ў складзе дэлегацыі шмат прадстаўнікоў бізнес–сферы, гатовых разгледзець розныя напрамкі супрацоўніцтва. Сярод асноўных: сельская гаспадарка, перапрацоўка сельгаспрадукцыі, машынабудаванне, рыбаводства і турызм.
Кіраўнік узбекскага рэгіёну падкрэсліў важнасць развіцця міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, абумоўленага палітычнай воляй кіраўнікоў дзвюх краін і глабальнымі сусветнымі зменамі. «Дапаўняючы эканомікі адна адной, я думаю, мы атрымаем вельмі добры вынік для абедзвюх дзяржаў», – выказаў упэўненасць Бацір Зарыпаў.
Бакі дамовіліся аб складанні дарожнай карты супрацоўніцтва з дэталёвай прапрацоўкай усіх напрамкаў.
У рамках візіту дэлегацыя Бухарскай вобласці наведае шэраг прадпрыемстваў і сельскагаспадарчых арганізацый Дрыбінскага, Клімавіцкага, Магілёўскага і Чавускага раёнаў.
Юлія Таранава, фота аўтара
Переводчик