Рабочая сустрэча першага намесніка старшыні аблвыканкама Сяргея Савіцкага з дэлегацыяй Сурхандар'інскай вобласці на чале з намеснікам хакіма Фархажонам Ісмоілавым адбылася сёння ў Магілёўскім аблвыканкаме. У мерапрыемстве таксама прыняў удзел саветнік па палітычных пытаннях Пасольства Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Азімжон Азотаў.


Адкрываючы сустрэчу, Сяргей Савіцкі падкрэсліў, што сельская гаспадарка – адзін з ключавых напрамкаў для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва рэгіёнаў, і пацвердзіў гатоўнасць улад аказваць усебаковае садзейнічанне ў рэалізацыі сумесных праектаў. Ён адзначыў, што гэты візіт стаў лагічным працягам актыўнай міжрэгіянальнай работы, якая актывізавалася пасля III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана і сустрэчы Прэзідэнтаў Беларусі і Узбекістана Аляксандра Лукашэнкі і Шаўката Мірзіёева, а таксама падпісання Дэкларацыі аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма дзяржавамі.

У ходзе перагавораў была адзначана ўстойлівая дадатная дынаміка знешняга гандлю. За апошнія пяць гадоў тавараабарот паміж Магілёўскай вобласцю і Узбекістанам вырас у 2,6 раза – з $13,5 млн. да $35,2 млн. У студзені – чэрвені 2026 года знешнегандлёвы абарот склаў $22,1 млн., што на 52,6 працэнта перавысіла паказчык аналагічнага перыяду мінулага года. Экспарт дасягнуў $18,3 млн (рост на 55,8%), імпарт – $3,8 млн (рост на 39,2%). Сальда знешняга гандлю склалася дадатным – $14,5 млн.


Аснову экспарту Магілёўскай вобласці ва Узбекістан складаюць лесаматэрыялы і прадукцыя дрэваапрацоўкі, малочныя прадукты, ялавічына свежая і ахалоджаная, мяса птушкі, папера, кардон, а таксама гатовыя трыкатажныя вырабы. Прадпрыемствы рэгіёну імпартуюць з Узбекістана баваўняную і сінтэтычную пражу, спартыўныя касцюмы, пасцельную і сталовую бялізну, вінаград і сухафрукты.

Азімжон Азотаў падзякаваў магілёўскаму боку за сардэчны прыём і падкрэсліў, што дэлегацыя адчувае сябе ў Беларусі як дома, сярод сяброў. Дыпламат адзначыў: «Устаноўка вельмі спрыяльная – да супрацоўніцтва і наладжвання доўгатэрміновых сяброўскіх адносін. Дзелавы падыход абодвух бакоў тлумачыць накіраванасць на канкрэтны вынік. Мы атрымалі імпульс дзякуючы дамоўленасцям, дасягнутым на самым высокім узроўні паміж кіраўнікамі нашых дзяржаў. Была прынята дэкларацыя аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства, якая прадугледжвае канкрэтныя мэты і ўзаемныя абавязацельствы. Зыходзячы з гэтых установак, мы нацэлены на пашырэнне і паглыбленне двухбаковага супрацоўніцтва па ўсіх напрамках».

У сувязі з гэтым ён высока ацаніў гатоўнасць Магілёўскай вобласці прыняць бізнес–дэлегацыі з Узбекістана для развіцця жывёлагадоўлі і раслінаводства, іншых напрамкаў прамысловай кааперацыі і выказаў упэўненасць у дасягненні высокіх вынікаў. Азімжон Азотаў таксама ўдакладніў, што цяперашняя дэлегацыя з'яўляецца рабочай групай, якая рыхтуе візіт кіраўніка Сурхандар'інскай вобласці. У рамках падрыхтоўкі плануецца распрацаваць дарожную карту супрацоўніцтва, якая ахоплівае жывёлагадоўлю, раслінаводства, дрэваперапрацоўку, мэблевую прамысловасць, а таксама прамысловую кааперацыю, аўтамабілебудаванне. Напрыклад, як расказаў дыпламат, сёння дэлегацыя наведае ААТ «Магатэкс» для абмеркавання супрацоўніцтва ў галіне тэкстыльнай прамысловасці, а таксама шэраг сельскагаспадарчых аб'ектаў у раённых цэнтрах.

«Патэнцыял вялікі, магчымасці вялікія. Мы можам супрацоўнічаць вельмі паспяхова і на доўгатэрміновай аснове. Мы адкрытыя, як і беларускі бок, да доўгатэрміновага партнёрства», – рэзюмаваў ён.

Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ланкуць, каменціруючы практычны бок узаемадзеяння, расказаў аб канкрэтных кроках, ужо зробленых на месцах. Ён адзначыў, што ўзбекская дэлегацыя праявіла цікавасць да вытворчых памяшканняў, якія сёння гаспадаркі і раёны могуць перадаць ім у арэнду або з правам наступнага выкупу, а таксама да зямельных угоддзяў для вырошчвання бульбы, іншай агародніны, збожжа і стварэння кармавой базы.

Анатоль Ланкуць падкрэсліў: «Гэта ўжо не першая дэлегацыя з розных абласцей Узбекістана. За апошнія два тыдні ў нас дабавілася дзесяць прадпрыемстваў з узбекскім капіталам, якія сёння вядуць афармленне зямельных участкаў, бяруць у арэнду фермы, закупляюць жывёлу для развіцця вытворчасці. Гэта пачатковы этап развіцця нашага партнёрства, у бліжэйшы час шляхі супрацоўніцтва будуць толькі паляпшацца і пашырацца. Асаблівую цікавасць выклікае вытворчасць гародніны і бульбы – мы пакажам сёння, як мы гэта робім, якія ў нас ёсць сховішчы. Ёсць зацікаўленасць у вырошчванні авечак. Акажам неабходнае садзейнічанне ў гэтых пытаннях. І спадзяемся на плённае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва».


Бакі пацвердзілі ўзаемную гатоўнасць да прадуктыўнага ўзаемадзеяння з прыцэлам на канкрэтныя дамоўленасці. Магілёўская вобласць выказала гатоўнасць аказваць неабходную падтрымку ў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.

У рамках візіту, які працягнецца па 30 жніўня, дэлегацыя Сурхандар'інскай вобласці наведае сельскагаспадарчыя арганізацыі і прадпрыемствы Быхаўскага, Слаўгарадскага, Дрыбінскага, Мсціслаўскага і Глускага раёнаў. Запланавана знаёмства з работай малочных і мясаперапрацоўчых вытворчасцей, племянных гаспадарак, агляд тэрыторый для магчымага размяшчэння сумесных аб'ектаў. Па выніках паездкі чакаецца выпрацоўка канкрэтных прапаноў па далейшаму паглыбленню гандлёва–эканамічнай і інвестыцыйнай кааперацыі паміж рэгіёнамі.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч