Магілёўская вобласць плануе актывізаваць супрацоўніцтва з кітайскай правінцыяй Шэньсі. Аб гэтым расказаў у эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны» старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

Анатоль Ісачанка ўзначаліў афіцыйную дэлегацыю Магілёўскай вобласці ў Сіяне (КНР) з нагоды пяцігоддзя пабрацімскіх адносін з правінцыяй Шэньсі. Паводле яго слоў, практычна ўсё, што было запланавана раней, выканана. Новы этап – падпісанне дарожнай карты на чарговы перыяд. Дакумент павінен быць напоўнены канкрэтнымі праектамі, частка з якіх абмяркоўвалася на перагаворах.


У кітайскіх партнёраў ёсць зацікаўленасць у арганізацыі на базе «Строммашыны» (філіял ААТ «БЕЛАЗ») вытворчасці вежавых кранаў, якія патрэбны ў Беларусі. Праект знаходзіцца на стадыі прапрацоўкі. Таксама агучаны прапановы па супрацоўніцтве з «Магілёўтрансмашам» і іншыя напрамкі ўзаемадзеяння.

«Гэта і стварэнне сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, і малочная прадукцыя, вырошчванне ялавічыны, і актыўнае супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Падпісаны дагаворы паміж Беларускай сельскагаспадарчай акадэміяй і Паўночна–Заходнім універсітэтам Кітайскай Народнай Рэспублікі. Ужо рэалізаваны праект. Падпісана пагадненне паміж Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя А.А. Куляшова і Сіаньскім універсітэтам замежных моў. Гэта значыць, супрацоўніцтва ідзе па многіх напрамках», – расказаў Анатоль Ісачанка, дадаўшы, што ў тым ліку абмяркоўвалася тэма турызму.

У час візіту дэлегацыя наведала шэраг прадпрыемстваў, дзе азнаёмілася з напрацоўкамі ў сферы штучнага інтэлекту. Адбыўся бізнес–форум, дзе дзелавыя колы Беларусі і Кітая прэзентавалі магчымасці адзін аднаго, абмяркоўвалі варыянты ўзаемадзеяння.

«Аснова развіцця рэгіёна – інвестыцыі. Мы кожны год прырастаем – каля 115–120% (тэмп росту інвестыцый. – Заўвага БЕЛТА), – адзначыў Анатоль Ісачанка. – Наша задача не толькі ўтрымаць, але і нарасціць тэмп. Сёння ў рэгіёне працуе прыкладна 14 кампаній з Кітая. Мы стараемся прыцягнуць больш кітайскіх інвестараў і з больш буйнымі праектамі».

Бакі разлічваюць падпісаць новую дарожную карту супрацоўніцтва ў 2027 годзе на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Кітая.

БЕЛТА