Мітынг–рэквіем у памяць аб ахвярах акупацыі, прымеркаваны да Дня народнага адзінства, адбыўся на плошчы Славы ў Магілёве. У знак павагі і вечнай памяці ўдзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да манумента ў гонар герояў.


На плошчы Славы сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, дэпутацкага корпуса, працоўных калектываў, грамадскіх аб'яднанняў і моладзь. Яны ўшанавалі хвілінай маўчання тых, хто аддаў жыццю за свабоду і незалежнасць роднай зямлі.

Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Сяргей Чарткоў адзначыў асаблівую значнасць свята для сучаснікаў. «Дзень народнага адзінства – гэта асаблівае свята для ўсіх беларусаў. Была адноўлена гістарычная справядлівасць, мы зноў сталі адным народам, уз'ядналіся. Гэтае свята вельмі важнае і цяпер, таму што адзінства – гэта той падмурак, на якім мы будзем будаваць сваю будучыню. У нас усё ёсць для стварэння, для мірнага жыцця, і таму ўсё залежыць ад нас. У адзінстве наша сіла», – сказаў ён.


Аб важнасці захавання гістарычнай памяці расказаў і рэктар МДУ імя А.А.Куляшова Юрый Машын. Паводле яго слоў, гэты дзень нагадвае аб цяжкім шляху, які прайшоў беларускі народ. «Дзень народнага адзінства – сапраўды важнае дзяржаўнае свята, якое падкрэслівае сілу беларускага народа. Народа, які прайшоў нягоды і боль, знаходзячыся пад прыгнётам Польшчы. І ён падкрэслівае тую значнасць для нас, для цяперашняга пакалення, каб мы шанавалі гісторыю, гістарычную памяць і шанавалі памяць нашых продкаў. Удзел моладзі ў гэтых мерапрыемствах сапраўды важны, таму што цяперашняе пакаленне павінна памятаць пра свае карані, гісторыю нашай краіны і нашай дзяржавы», – падкрэсліў Юры Машын.


Моладзь таксама актыўна далучылася да мітынгу. Навучэнка 3–га курса Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа Маргарыта Давыдзенка расказала аб тым, як патрыятычнае выхаванне дапамагае ёй адчуваць сувязь з мінулым. Дзяўчына з'яўляецца чальцом ваенна–патрыятычнага пошукавага клуба «Рэха вайны». «Мы праводзім раскопкі, падымаем ваенныя збудаванні, разам з пошукавым атрадам «Віккру» знаходзілі салдат. Для мяне Дзень народнага адзінства – гэта ў першую чаргу пра наш адзіны народ. Мы адзіныя, мы незалежныя, мы цэлыя. Трэба ведаць гісторыю свайго народа, перадаваць яе з пакалення ў пакаленне, у мяне ёсць малодшыя браты і сёстры, і я заўсёды, калі даведаюся нешта новае пра гісторыю, дзялюся з імі», – распавяла яна.


БЕЛТА