Касцюковічы актыўна рыхтуюцца прыняць XXXIII Дзень беларускага пісьменства. Маштабныя работы па добраўпарадкаванні, рамонце інфраструктуры і абнаўленні культурных аб'ектаў ідуць поўным ходам.


Касцюковіцкі раён стаў адной з галоўных будаўнічых пляцовак вобласці. Тут прыводзяць у парадак вулічна–дарожную сетку, фасады будынкаў і грамадскія прасторы. Вялікая ўвага ўдзяляецца цэнтральнай частцы горада. На вуліцы Ленінскай заменяць аўтобусныя прыпынкі. Іх тарцы ўпрыгожаць фатаграфіі і цытаты вядомых літаратараў, звязаных з гэтым краем: Івана Чыгрынава, Аляксея Русецкага, Аркадзя Куляшова і Алеся Пісьмянкова.


Вядзецца капітальны і бягучы рамонт жылых дамоў. Абнаўляецца мемарыяльны комплекс у гонар землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мадэрнізуюць будынак рэстарана «Дубрава». Цалкам абнаўляецца цэнтральная плошча: тут установяць скульптуру «Алеся і Алесь» і светлавыя шары на газоне. У цэнтральным скверы адрамантуюць тратуары, установяць новае гульнявое абсталяванне і правядуць азеляненне.


Міністр інфармацыі Дзмітрый Жук, які прыняў удзел у пасяджэнні аргкамітэта разам са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Анатолем Ісачанкам, адзначыў важнасць спадчыны, якая застаецца ў гарадах пасля свята. «Кожны Дзень беларускага пісьменства ўнікальны, таму што праходзіць у новых рэгіёнах, дзе нарадзіліся нашы праслаўленыя пісьменнікі і паэты. Касцюковіцкі раён – радзіма цэлай плеяды яркіх зорак нашай літаратуры. Тое, што цяпер наводзяць парадак, рыхтуюцца сустракаць гасцей, – адна з добрых традыцый, якая існуе ў нашай краіне. Свята паедзе ў наступную вобласць, а для людзей застануцца добраўпарадкаванне і ўсё, што будзе зроблена», – сказаў міністр.


Паводле яго слоў, сэнсавай адметнасцю фестывалю стануць унікальныя ўзоры беларускага царкоўнага кнігадрукавання. Кожная вобласць прадставіць лепшыя экзэмпляры, свята ж адзначаецца сумесна з праваслаўнай царквой. Таксама традыцыйнай часткай праграмы стане конкурс «Жывая класіка», дзе юныя ўдзельнікі чытаюць вершы беларускіх аўтараў, што падкрэслівае пераемнасць культурных традыцый.


Значныя змяненні чакаюць Касцюковіцкі краязнаўчы музей. Як расказала дырэктар установы Надзея Кудашова, музей знаходзіцца на стадыі пераезду фондаў, каб пачаць капітальны рамонт. «Наш музей – у ліку ключавых аб'ектаў Дня пісьменства. Тут зменіцца знешняе аблічча: канструкцыя даху і колер фасада. З'явіцца сучасная выставачная зала. Музей напоўніцца новымі экспазіцыямі, адна з якіх пазнаёміць гасцей са знакамітымі землякамі–літаратарамі», – растлумачыла яна.


Наведвальнікі ўбачаць фондавыя матэрыялы, асабістыя рэчы, рукапісы і машынапісы знакамітых землякоў, многія з якіх дэманструюцца ўпершыню. Сярод унікальных экспанатаў – машынапіс Івана Чыгрынава з праўкамі для пасяджэння Асамблеі ААН. Пасля рамонту экспанаты падсвецяць новым асвятленнем, а агульная плошча выставачнай прасторы перасягне 700 кв.м.


Работы вядуцца і на іншых аб'ектах. Галоўны інжынер прыватнага прадпрыемства «Дэльта Буд Плюс» Уладзімір Анішчанка паведаміў, што яго каманда займаецца ўстаноўкай пліткі і бардзюра. «Работы пачаліся ў пачатку мая і завершацца да канца ліпеня. Усяго да Дня беларускага пісьменства будзе ўкладзена каля 1 тыс. м бардзюра і 2,1 тыс. кв.м пліткі», – адзначыў ён.


Да абнаўлення горада далучыліся і студэнты Касцюковіцкага дзяржаўнага каледжа. Навучэнцам Іллі Мажораву і Антону Слабодчыкаву ў каледжы прапанавалі падзарабіць у час летніх канікулаў. «Сёння наш першы працоўны дзень. Вырашылі правесці лета з карысцю і падзарабіць. Мы носім плітку, раскідваем бетон. Мне падабаецца ўдзельнічаць у добраўпарадкаванні роднага горада», – расказаў Ілля.


Студэнты спадзяюцца, што маштабнае свята прыцягне ў горад шмат гасцей. «У Касцюковічах такія вялікія мерапрыемствы бываюць нячаста. Некалькі гадоў таму прайшоў фестываль »Вытокі«, было вельмі здорава. Хацелася б, каб такіх свят было больш», – дадаў малады чалавек.

Праграма XXXIII Дня беларускага пісьменства абяцае быць насычанай.


БЕЛТА