RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Навучальна-вытворчая лабараторыя нафтагазавых тэхналогій адкрылася ў БРУ

У Беларуска-Расійскім універсітэце сёння ўрачыста адкрылі навучальна-вытворчую лабараторыю нафтагазавых тэхналогій. Чырвоную стужачку перарэзалі рэктар ВНУ Міхаіл Лусцянкоў і генеральны дырэктар вытворчага рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства «Магілёўаблгаз» Руслан Волкаў.

- У гэтым годзе мы ўпершыню ажыццявілі набор студэнтаў па накіраванні падрыхтоўкі «Нафтагазавая справа». Патрэба ў гэтым літаральна наспела, - удакладніў Міхаіл Яўгенавіч. - Беларусь - транзіцёр нафты і газу, акрамя таго, нафту і газ неабходна давесці да канчатковых спажыўцоў, да прадпрыемстваў і ў дамы, таму ў краіне вельмі шмат аб'ектаў, якія трэба эксплуатаваць, абслугоўваць. Конкурс нядрэнны, хлопцаў набралі талковых. Першы курс, таму яны пакуль знаёмяцца з агульнаадукацыйнымі прадметамі, але ўжо рыхтуем базу, каб спецдысцыпліны ў іх праходзілі на самым высокім узроўні.

На сціплых 40 «квадратах» змясцілася шмат дарагога абсталявання. Аснову лабараторнай базы складаюць стэнды, якія ўзнаўляюць працэс здабычы нафты, яе рэктыфікацыі, сепарацыі і разгонкі. Новая вучэбна-вытворчая лабараторыя з'яўляецца ўнікальнай у гэтай галіне.

Тэхнічнае начынне набылі за кошт кансалідаванага бюджэту па беларускіх і расійскіх адукацыйных праграмах.

Вялікую арганізацыйную падтрымку ў аснашчэнні лабараторыі аказала вытворчае прадпрыемства «Магілёўаблгаз». Таксама сёння была падпісана дамова аб адкрыцці філіяла кафедры «Транспартныя і тэхналагічныя машыны» на базе гэтага прадпрыемства, што вельмі важна і перспектыўна. Для ўніверсітэта гэта не толькі магчымасць навучаць студэнтаў у тэорыі, але і даваць ім рэальны вопыт на вытворчасці. Прадпрыемства ў сваю чаргу можа прыглядацца да лепшых кадраў і потым запрасіць іх да сябе працаваць.

- Сістэма газазабеспячэння мела патрэбу і мае патрэбу ў маладых кадрах. У будучыні, упэўнены, сённяшнія студэнты папоўняць нашы рады, таму мы зацікаўлены ў якасці іх падрыхтоўкі. Гатовы ўдзельнічаць у стварэнні навучальнай базы, каб на выхадзе атрымліваліся спецыялісты яшчэ больш высокага ўзроўню, больш адаптаваныя да вытворчасці і будучага попыту на такіх прафесіяналаў, - адзначыў Руслан Волкаў.

Наступны крок - стварэнне ў БРУ «газавай» лабараторыі. І потым яшчэ трэцяй - комплекснай - лабараторыі, падзяліўся рэктар ВНУ Міхаіл Лусцянкоў:

- Упэўнены, мы наладзім сістэму падрыхтоўкі на найвышэйшым узроўні. Будзем прыцягваць спецыялістаў ад прадпрыемстваў, а таксама з вядучых расійскіх ВНУ па гэтым напрамку. Нагадаю, што гэта расійскія адукацыйныя праграмы, а гэта значыць, што ў студэнтаў з'яўляецца магчымасць праходзіць стажыроўкі ў вядучых ВНУ Расіі, удзельнічаць там у розных конкурсах сярод нафтавікоў і газавікоў, розных алімпіядах. Словам, будзем рыхтаваць адмыслоўцаў, якія будуць працаваць на балазе нашай рэспублікі, але са ведамі, акумуляванымі дзвюма краінамі.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая