RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Навучэнцы Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў паспяхова выступілі на міжнародным конкурсе юных піяністаў

Навучэнцы Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Яўгена Глебава паспяхова выступілі на VIII Міжнародным конкурсе юных піяністаў, прысвечаным Леанасу Павілайцісу (Літва, г. Вільнюс). Пра гэта паведаміла старшыня цыклавой камісіі фартэпіяна ўстановы адукацыі Наталля Блашкова.

Як расказала суразмоўца, ва ўмовах пандэміі конкурс праводзіўся анлайн па відэазапісах. Неабходнай умовай удзелу было выкананне твора літоўскага кампазітара Л. Павілайціса, з чым юныя магілёўскія музыкі справіліся паспяхова.

Так, навучэнец 7 класа Сілуан Лукашэвіч (выкладчык Алена Харытонава) стаў лаўрэатам I ступені ў сярэдняй узроставай групе. Старэйшую ўзроставую групу прадстаўляў васьмікласнік Данііл Лазарэнка (выкладчык Наталля Блашкова) і атрымаў званне лаўрэата II ступені.

Дарэчы, гэта не першы ўдзел магілёўскіх піяністаў у такім прэстыжным спаборніцтве, на якім яны зноў прадэманстравалі высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства і яркае сцэнічнае ўвасабленне выкананых твораў.

Выкладчыкі таленавітых дзяцей удастоены падзячных грамат за высокапрафесійны ўклад у выхаванне і адукацыю падрастаючага пакалення.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая