RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Найлепшую артылерыйскую батарэю вызначаюць на палігоне пад Асіповічамі

Спаборніцтва на званне найлепшай артылерыйскай батарэі ракетных войскаў і артылерыі Узброеных Сіл праходзіць 15-19 красавіка на палігоне 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады Асіповіцкі, паведамілі ў Мінабароны.

Удзел у спаборніцтве прымаюць батарэі груп артылерыі злучэнняў аператыўных камандаванняў, якія паказалі найлепшыя вынікі ў баявой падрыхтоўцы. «У гэтым годзе права пазмагацца за званне найлепшай заваявалі артылерыйскія батарэі 191-й групы артылерыі 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады і 310-й гвардзейскай групы артылерыі 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, а таксама артылерыйская батарэя 350-й групы артылерыі 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, – праінфармавалі ў Мінабароны. – Для ўдзелу ў спаборніцтве кожная артылерыйская батарэя здзейсніла марш на палігон камбінаваным спосабам, заняла прызначаны раён і правяла мерапрыемствы па падрыхтоўцы да выканання вучэбна-баявых задач».

Удзельнікам трэба будзе выканаць адзінкавыя і групавыя нарматывы, практыкаванні па ваджэнні машын. Па іх выніках будзе ацэнены ўзровень асабістай падрыхтоўкі кожнага спецыяліста артылерыйскай батарэі, вызначаны найлепшыя вайскоўцы па кожнай спецыяльнасці, найлепшыя аддзяленні і ўзводы. Будзе ацэньвацца зладжанасць і гатоўнасць артылерыйскіх падраздзяленняў да выканання задач. Кожнай батарэі трэба будзе здзейсніць марш ва ўмовах лясіста-балоцістай мясцовасці з пераадоленнем рознага роду натуральных і штучных перашкод, выканаць розныя агнявыя задачы прамой наводкай і з закрытых агнявых пазіцый, у тым ліку з падрыхтаваных пазіцый і пры разгортванні з маршу.

Па выніках спаборніцтва перадавы вопыт і методыкі падрыхтоўкі асабістага складу артылерыйскіх падраздзяленняў будуць абагульнены і распаўсюджаны ў воінскіх часцях ракетных войскаў і артылерыі Узброеных Сіл.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая