RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Найлепшую медсястру выбралі ў Магілёўскай дзіцячай абласной бальніцы

Напярэдадні Дня медыцынскага работніка ў Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы прайшоў конкурс «Найлепшая медсястра-2021». Свае прафесійныя і творчыя навыкі прадэманстравала 11 канкурсантак.

Па словах галоўнага ўрача дзіцячай абласной бальніцы, члена Савета Рэспублікі Ігара Каско, у бальніцы да Дня медыцынскага работніка праходзяць розныя конкурсы. «Кожны год конкурсная праграма мяняецца. Неяк мы выбіралі найлепшых міс і містараў нашай установы. Сёлета вырашылі, што праграма будзе прысвечана нашым медсёстрам, – адзначыў Ігар Каско. – Праца ўрачоў і медыцынскага персаналу складаная і адказная. У медыцыне важныя не толькі прафесійныя навыкі, але і чалавечыя якасці – у тэрапіі пацыентаў гэта ўсё важна. Таму мы стараемся стварыць для нашых медработнікаў атмасферу, у якой яны змогуць раскрыць сябе не толькі як прафесіяналы, але і як творчыя асобы. А такія конкурсы дапамагаюць у гэтым: даюць магчымасць крыху расслабіцца і выдыхнуць, паказаць сябе на сцэне, яшчэ больш з’яднаць калектыў».

Конкурсная праграма складалася з двух этапаў – практычнага і творчага. У першы дзень дзяўчаты прадэманстравалі свае прафесійныя навыкі. У другой частцы конкурснай праграмы ім неабходна было прадставіць сваю візітную картку, адказаць на тэарэтычныя пытанні і паказаць сваё творчае выступленне. Як расказала адна з удзельніц Таццяна Саўчанка, да конкурсу рыхтавалася сур’ёзна. «Я працую ў хірургічным аддзяленні дзіцячай абласной бальніцы другі год. І ў такім конкурсе ўдзельнічаю ўпершыню. Трохі нервуюся, але мяне падтрымлівае ўсё аддзяленне. Мы разам рыхтаваліся да выступлення, дапамагалі ўсе. На час падрыхтоўкі да конкурсу я практычна жыла ў бальніцы, але ўся сям’я, мае двое дзетак, падтрымліваюць і трымаюць за мяне кулачкі. Я ўпэўнена: усе ўдзельніцы атрымаюць новы вопыт і шмат пазітыўных эмоцый», – сказала яна.

У Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы ўжо 19 гадоў працуе міні-тэатр «Маленькая краіна», у якім удзельнічаюць супрацоўнікі бальніцы. І сённяшні конкурс – практычна пробы ў тэатральную трупу. «Наш тэатр – адзіны ў рэспубліцы. Мы паказваем пастаноўкі для сваіх супрацоўнікаў. І многія хочуць удзельнічаць. Сёння мы зможам убачыць нашых медсясцёр на сцэне, а кагосьці пасля выступлення забяром да сябе без уступных экзаменаў, – адзначыла медыцынская сястра і кіраўнік трупы міні-тэатра Надзея Прановіч. – Акрамя гэтага, яшчэ адна ўзнагарода для пераможцы – прысваенне новай катэгорыі. Усе ўдзельніцы за кошт прафсаюзнага камітэта паедуць у турыстычную паездку».

«Напярэдадні Дня медыцынскага работніка я хачу павіншаваць усіх медработнікаў нашай краіны. Быць медработнікам – значыць быць асаблівым чалавекам. Важна ўмець раздзяляць працу і асабістыя нейкія перажыванні. Калі мы ідзём да пацыента, мы павінны пакідаць усе свае праблемы за дзвярыма. Ад нас чакаюць дапамогі, падтрымкі і разумення. Ад таго, як ты адкажаш пацыенту, як пагаворыш з ім, ці знойдзеш словы падтрымкі і ці зможаш выклікаць аптымізм, таксама залежыць працэс выздараўлення і тэрапіі», – падкрэсліў Ігар Каско.

БЕЛТА

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая