Фінал абласнога конкурсу юных мадэльераў «Залатое вераценца-2019» пройдзе 25 красавіка ў Магілёве, паведаміла метадыст інструктыўна-метадычнага аддзела ДУДА «Абласны цэнтр творчасці» Аліна Клачкова.

Спаборніцтва збярэ ў 11.00 у канцэртнай зале абласнога цэнтра творчасці (пр-т Міру, 23а) прадстаўнікоў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэгіёна. Увазе гледачоў і журы хлопцы і дзяўчаты прадставяць 27 калекцый адзення.

Прафесіяналы будуць ацэньваць работы юных мадэльераў у чатырох намінацыях: «Беларускі сілуэт», «Дзелавы фармат», «Спартыўны шык», «Чароўная сімфонія». Найлепшым, а таксама ўладальнікам другіх і трэціх месцаў ўручаць дыпломы адпаведных ступеняў у кожнай намінацыі. Не пакінуць без увагі і астатніх канкурсантаў.

«Залатое вераценца» праводзіцца ў Магілёўскай вобласці з 2003 года. Яго асноўнай мэтай з’яўляецца выяўленне творчых здольнасцей і эстэтычнага густу навучэнцаў, падтрымка дзіцячай ініцыятывы па развіцці маладзёжнай моды. Спаборніцтва заклікана садзейнічаць павышэнню ўзроўню ведаў удзельнікаў у галіне моды, дызайну, вытворчасці адзення, іх прафесійнаму самавызначэнню.

Арганізатарамі творчага спаборніцтва выступаюць Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, Дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі «Абласны цэнтр творчасці».