RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Названы пераможцы прафсаюзнага праекта «Мары спраўджваюцца»

Больш за 50 заявак ад Магілёўскай вобласці паступіла для ўдзелу ў праекце Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Мары спраўджваюцца». У выніку пераможцам стаў Бялыніцкі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У якасці падарунка выхаванцы ўстановы атрымалі 3-метровую штучную елку, набор навагодніх упрыгожванняў і прысмакі.

Усяго на адрас Федэрацыі прафсаюзаў паступіла каля 400 лістоў і відэазваротаў ад дзяцей з усёй Беларусі. Сем з іх, па адным з кожнай вобласці і горада Мінска, абавязкова спраўдзяцца. Акрамя таго, пераможцы атрымаюць запрашэнні на галоўную прафсаюзную ёлку, якая пройдзе 30 снежня ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў.

«Арганізацыйным камітэтам былі абраны самыя шчырыя і добрыя дзіцячыя мары. Прыемна, што большасць жаданняў – нематэрыяльныя. Дзеці мараць папрацаваць у міліцыі ці бібліятэцы, паспрабаваць сябе ў якасці тэлевізійнага вядучага ці атрымаць ілюстрацыі для ўласнай кнігі. Вельмі многія прасілі падарункі не для сябе, а для тых, для каго яны больш патрэбныя. Выбраць пераможцаў было няпроста, таму што кожнае дзіця шчыра верыць у цуд. Менавіта таму Федэрацыя прафсаюзаў прыняла рашэнне, што ўсе ўдзельнікі праекта атрымаюць невялікі сувенір», – адзначылі ў прэс-службе нацыянальнага прафцэнтра.

Да выканання дзіцячых жаданняў ФПБ прыцягвае ўсіх зацікаўленых.

«Нашы галіновыя прафсаюзы, сацыяльныя партнёры, арганізацыі і прадпрыемствы дапамагаюць нам рэалізаваць дзіцячыя мары. Адно з жаданняў мы, напрыклад, выконваем разам з Міністэрствам унутраных спраў. Тыя жаданні, якія не ўвайшлі ў лік пераможцаў, па магчымасці паспрабуюць выканаць нашы прафсаюзныя арганізацыі ў рэгіёнах», – паведамляе прэс-служба ФПБ.

Дабрачынны праект «Мары спраўджваюцца» праводзіцца Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі ўпершыню. Ён стаў часткай пастаянна дзеючай дабрачыннай акцыі «Прафсаюзы – дзецям», якая праводзіцца з 2002 года.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая