RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Новая паліклініка з’явіцца ў мікрараёне Казіміраўка Магілёва

У мікрараёне Казіміраўка пабудуюць сучасную паліклініку, якая будзе разлічана на 850 наведванняў у змену, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жылін.

Будаўнічыя работы плануецца пачаць ужо восенню. Фінансаванне будзе весціся за кошт спонсарскіх сродкаў, з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Пастаўлена задача пабудаваць новы аб’ект за паўтара года.

«На сённяшні дзень Казіміраўка – адзін з самых вялікіх спальных раёнаў Магілёва. Тут і ў суседнім мікрараёне Спадарожнік пражывае ўжо больш за 33 тыс. жыхароў. Гэтыя тэрыторыі актыўна забудоўваюцца і развіваюцца. Таму пры будаўніцтве новай установы аховы здароўя мы закладваем запас магутнасці і на перспектыву, думаючы ўжо цяпер пра будучыню і камфорт для мясцовых жыхароў», – адзначыў Аляксандр Жылін.

Паводле яго слоў, гэта будзе адна з найбуйнейшых паліклінік у горадзе, самая сучасная шматфункцыянальная медустанова. У сяміпавярховым будынку прапішуцца дзіцячае і дарослае аддзяленні. Прычым у кожнае будзе прадугледжаны асобны ўваход. За ім узвядуць яшчэ адзін аб’ект для клініка-дыягнастычнай лабараторыі і водалячэння, які злучаць з асноўным корпусам паліклінікі пераходнай галерэяй.

Будзе аказвацца шырокі спектр лячэбна-кансультацыйных паслуг: кансультацыі ўрачоў-спецыялістаў, клініка-дыягнастычныя лабараторныя даследаванні, функцыянальная і ультрагукавая дыягностыка, стаматалогія, жаночая кансультацыя і іншыя.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая