RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Новы навучальны корпус Магілёўскага медкаледжа адкрыецца 1 верасня

Новы навучальны корпус Магілёўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа адкрыецца 1 верасня. Пра гэта паведаміў дырэктар установы адукацыі Уладзімір Рыжкоў.

«Новы корпус стане чацвёртым будынкам, дзе размясціліся вучэбныя плошчы медыцынскага каледжа, – расказаў Уладзімір Рыжкоў. – Раней памяшканне належала Магілёўскаму абласному кадэцкаму вучылішчу, аднак навучальная ўстанова памяняла прапіску і іх ранейшы будынак перададзены нашым навучэнцам. Сёння на аб’екце вядуцца рамонтныя работы, якія плануецца скончыць да пачатку навучальнага года. У першую чаргу звяртаем увагу на санвузлы, ацяпляльную сістэму і пажарную бяспеку».

Агульная плошча новага будынка –5 тыс. кв. м, гэта каля 30 навучальных кабінетаў. Для параўнання: тры дзеючыя карпусы сёння займаюць 4,8 тыс. кв. м. Самы стары будынак медкаледжа датуецца 1902 годам. Тут рыхтуюць да выпуску будучых фармацэўтаў. Загрузка старых плошчаў максімальная: навучэнцы займаюцца ў тры змены з 8.00 да 21.00. Акрамя таго, яшчэ каля 7 тыс. кв. м, неабходных для практычных заняткаў, задзейнічана на базе магілёўскіх бальніц і паліклінік.

«У новым корпусе навучанне будзе праходзіць па спецыяльнасцях «Сястрынская справа»і «Лячэбная справа», – удакладніў дырэктар медкаледжа. – Акрамя навучальных класаў, у навучэнцаў з’явяцца дзве невялікія спартыўныя залы і чатыры сімуляцыйныя лабараторыі, дзе яны будуць адпрацоўваць практычныя навыкі. Толькі на набыццё будаўнічых матэрыялаў ужо затрачана каля Br100 тыс., мэблі – Br110 тыс. Абсталяванне для вучэбных кабінетаў закуплена ў тым ліку за кошт сродкаў Сусветнага банка».

Сёння на дзённым аддзяленні ў медкаледжы навучаецца 1090 чалавек па чатырох спецыяльнасцях: «Лячэбная справа», «Сястрынская справа», «Медыка-дыягнастычная справа»і «Фармацыя». Яшчэ 2750 спецыялістаў на базе навучальнай установы павышаюць прафесійную кваліфікацыю. Іх колькасць у параўнанні з мінулым годам павялічылася ўдвая. Па словах суразмоўцы, гэта нагрузка – на мяжы магчымага, таму ўвядзенне новага навучальнага корпуса стане для ўстановы адукацыі і яе выхаванцаў сапраўдным падарункам.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая