Падрыхтоўка да Дня пісьменства ў Бялынічах выйшла на фінішную прамую
З любоўю да роднага слова
У Бялынічах на фінішную прамую выйшла падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства, сталіцай якога ў пачатку верасня стане райцэнтр. Апошнія месяцы ён больш нагадваў горад-будоўлю, дзе літаральна ў кожным кутку ішлі работы па навядзенні парадку.

На адной толькі вуліцы Савецкай працавала каля дзесяці падрадных арганізацый: мянялі тратуарную плітку, прыводзілі ў парадак праезджую частку, пабудавалі веладарожкі і вулічнае асвятленне. Капітальны рамонт закрануў жылыя дамы і будынкі сацыяльнай сферы, прыкметна змяніўся гарадскі стадыён.
Ад работ па добраўпарадкаванні не засталіся ўбаку і мясцовыя жыхары, у тым ліку моладзь.
–Маладыя людзі падышлі да справы адказна,– расказвае Юлія Доўгая, камандзір аднаго з моладзевых атрадаў. – Працавалі з энтузіязмам, нікога не трэба было падганяць. У такой працоўнай практыцы ёсць вялікі плюс: той, хто прыклаў руку да пераўтварэння горада, ніколі не будзе смеціць на яго вуліцах ці нешта ламаць.

Новы выгляд набыў «Ліпавы гай». Цэнтральны парк –упадабанае месца адпачынку гараджан, куды зручна дабірацца з любой часткі Бялынічаў. Тут прадумалі кожную дробязь, нават тратуары зрабілі з улікам народных сцежак. З’явілася асвятленне, фотазоны і малыя архітэктурныя формы, абноўленыя амфітэатр і алея герояў, акультураны невялікі вадаём.
Асаблівым попытам у парку карыстаецца дзіцячая пляцоўка. Соня Шыгалёва, якая жыве непадалёк, кожны дзень збіраецца тут з сябрамі, каб пакатацца на арэлях або скаціцца з горкі. А вось школьнік Захар Казімірскі аддае перавагу веладарожцы:
– Прыехаў з Мінска да бабулі на канікулы і проста здзівіўся зменам, што тут адбыліся! Катаюся на веласіпедзе мінімум гадзіну ў дзень, а то і больш. Мне вельмі падабаецца ў парку.
Мясцовыя жыхары дапамагаюць спецыялістам наводзіць глянец: уладкоўваюць клумбы, мяняюць вокны ў дамах. Вучні 10-х і 11-х класаў аб’ядналіся ў працоўныя атрады.
Нямала робіцца і для захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Напрыклад, у тым жа «Ліпавым гаі»ўстаноўлены знак, што гэта помнік садова-паркавага мастацтва XVIII стагоддзя, закладзены князем Агінскім. У Бялынічах узводзіцца капліца на Ільінскай гары, адкуль, паводле падання, і пачынаўся горад.

Найважнейшы аб’ект –музей імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі –спачатку хацелі адрэстаўраваць, але спецыяльная камісія ўстанавіла, што выратаваць будынак не атрымаецца і трэба будаваць новы на старым падмурку. Музей, дарэчы, парадуе колькасцю памяшканняў для пастаянных экспазіцый і часовых выстаў. У зале «Духоўнасць»размесціцца адрэстаўраваная фрэска «Узыходжанне на Галгофу», выратаваная з разбуранага кармеліцкага манастыра. За аднаўленне рарытэту адказваюць браты Юрый і Мікалай Маліноўскія. Мастакі-рэстаўратары з Мсціслава з канца мінулага года працавалі над расчысткай фрэскі ў сваёй майстэрні, а цяпер манціруюць яе на сцяне ў музеі.
–Падрыхтоўчыя работы стартавалі з пачатку года да Дня беларускага пісьменства і разгарнуліся так, што да верасня вы наш горад не пазнаеце, – расказвае намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Давыдаў. – Але што яшчэ важней – пасля свята абноўленыя Бялынічы працягнуць радаваць жыхароў і гасцей сваім камфортам і ўтульнасцю.

МЕРКАВАННЕ
Андрэй Кунцэвіч, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта:
– Ля вытокаў Дня беларускага пісьменства стаяў Аляксандр Лукашэнка, які надаў дадатковы імпульс рэгіянальнаму развіццю з акцэнтам на вяртанні да духоўнай спадчыны, да малой радзімы. З нецярпеннем чакаем гэты дзень, які абяцае стаць сапраўдным святам культуры і духоўнасці. Міністэрства інфармацыі рыхтуе праграму, якая ўключае нямала мерапрыемстваў, звязаных з гісторыяй і сённяшнімі рэаліямі кнігавыдання. Зразумела, запросім вядучых літаратараў.
Само месца для сталіцы Дня беларускага пісьменства выбрана не выпадкова. Бялынічам будзе што паказаць і пра што расказаць. Горад унёс сваю лепту ў развіццё кнігадрукавання на беларускіх землях, бо ў XVII стагоддзі тут размяшчалася манастырская друкарня. Таксама гэта радзіма вядомага мастака Бялыніцкага-Бірулі, спадчынай якога ганарацца не толькі ў Беларусі. А бялыніцкая ікона Божай Маці шануецца прадстаўнікамі розных канфесій.
Дзякуючы актыўнасці кіраўніцтва вобласці і асабіста старшыні аблвыканкама Леаніда Зайца ў Бялынічах праводзіцца сур’ёзная падрыхтоўка да свята. Горад, у прынцыпе, быў у добрым стане, але дынаміку, якую яму надалі цяпер, складана пераацаніць. Многія месцы літаральна не пазнаць. Мяркую, што ўсе гэтыя намаганні дазволяць належным чынам падрыхтавацца да рэспубліканскага фестывалю.
Переводчик