RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Падтрымка шматдзетных, пенсійная сістэма і будаўніцтва жылля. Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду з кіраўніцтвам Саўміна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў, на якую вынесены шэраг пытанняў сацыяльнай накіраванасці.

Кіраўніку дзяржавы прадаставяць некалькі праектаў указаў, якія датычацца падтрымкі шматдзетных сем’яў, пенсійнай сістэмы, будаўніцтва жылля, а таксама грамадзянскіх і моладзевых ініцыятыў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адпаведныя пытанні патрабуюць дадатковай інфармацыі і публічнага абмеркавання. «Тым больш што яны адчувальныя і для насельніцтва, і для бюджэту. Таму сёння мы разгледзім і прымем рашэнні, знойдзем баланс паміж гэтымі патрэбамі і разнапланавымі інтарэсамі, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Праекты падрыхтаваных дакументаў ахопліваюць вялікі блок пытанняў сацыяльнай накіраванасці. Гэта падтрымка шматдзетных сем’яў, развіццё пенсійнай сістэмы, будаўніцтва жылля, а таксама пытанні, звязаныя з рэалізацыяй грамадзянскіх і моладзевых ініцыятыў».

Аб дэмаграфіі і сямейным капітале

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, нягледзячы на змененыя ўмовы функцыянавання эканомікі, вельмі важна не дапусціць зніжэння ўзроўню нараджальнасці. «Маю прынцыповую пазіцыю вы ведаеце: краіна і нацыя развіваюцца, калі ў сем’ях выхоўваецца як мінімум трое дзяцей. Шматдзетныя сем’і–гэта наш асноўны дэмаграфічны арыенцір. З другога боку, гэта цяжкая і адказная праца, і дзяржава робіць усё магчымае, каб шматдзетнасць стала нормай для нашага грамадства», – заявіў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў краіне сфарміраваны магутны пакет сацыяльных мер, які ўключае ў сябе дапамогі пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, фінансавую дапамогу на жыллё, ільготы ў адукацыі і ахове здароўя, падатковай, пенсійнай і працоўнай сферах. Напрыклад, у 2020 годзе на гэтыя мэты было выдаткавана Br4,7 млрд. У гэтым годзе будзе не менш за Br5 млрд.

«Мы можам адказна сказаць, што падтрымка шматдзетных–гэта сацыяльны брэнд нашай дзяржавы, яго візітная картка», – падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што з 2015 года працуе праграма сямейнага капіталу, якой скарысталася больш за 100 тыс.шматдзетных сем’яў. «Жыццё паказвае, што мы выбралі правільны шлях. Колькасць шматдзетных сем’яў павялічваецца. За апошнія 10 гадоў–практычна ў два разы. Сёння ў краіне іх больш за 115 тысяч. Механізм праграмы працуе, і працуе эфектыўна. А значыць, трэба развіваць яго далей», – адзначыў Прэзідэнт.

Аднак у сувязі з гэтым ён паставіў пытанне, наколькі апраўданае і своечасовае пашырэнне межаў датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу. «Размываць гэтыя грошы не трэба. А для іншых мэтаў павінны быць іншыя крыніцы. Нельга разменьваць доўгатэрміновую падтрымку на імгненныя патрэбы. І тут я хацеў бы пачуць дадатковыя аргументы распрацоўшчыкаў па гэтым пытанні», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аб дзяржпадтрымцы пры будаўніцтве жылля

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што жыллё–самая надзённая патрэба людзей, і наспела неабходнасць унесці пэўныя карэктывы ў парадак і ўмовы прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі грамадзянам пры будаўніцтве і набыцці жылых памяшканняў.

«Нават у гэты няпросты час мы павінны прыняць дадатковыя меры па абароне інтарэсаў шматдзетных сем’яў і даць ім фінансавую дапамогу пры будаўніцтве жылля да дасягнення дзецьмі 23 гадоў (раней – да 18 гадоў. – Заўв. БелТА)», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Таксама плануецца павялічыць памер дзяржаўнай падтрымкі грамадзянам, шматдзетным сем’ям, якія пражываюць на сяле і ў якіх хоць бы адзін з мужа і жонкі працуе ў сельскай мясцовасці.

Акрамя таго, для стымулявання пераезду грамадзян у сельскую мясцовасць прапануецца даць магчымасць тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў з абласных цэнтраў і Мінска пабудаваць жыллё з дзяржпадтрымкай у населеных пунктах з колькасцю да 20 тыс.чалавек.

«У эканамічнай сітуацыі кожны рубель на рахунку. Любая дзяржаўная падтрымка павінна быць абгрунтаванай. Таму хачу пачуць, наколькі прадуманыя дадзеныя прапановы», – адзначыў Прэзідэнт.

Аб развіцці пенсійнай сістэмы

На нараду ў ліку іншых вынесены прапанаваныя ўрадам падыходы да далейшага развіцця пенсійнай сістэмы. «Мы павышаем пенсіі пры кожнай фінансавай магчымасці, выдатна разумеючы, што для большасці пажылых грамадзян гэта асноўная крыніца даходу. У Беларусі больш за 2,5 млн пенсіянераў (прыкладна 510 тыс. працуе). Пенсійныя выплаты перавышаюць Br15 млрд і складаюць 30% агульных выдаткаў бюджэту краіны», – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

«Тое, што аб годным даходзе ў старасці трэба клапаціцца загадзя праз дадатковую добраахвотную пенсійную праграму, – такія пытанні ўздымаліся на VI Усебеларускім народным сходзе. Прапановы па падыходах да вырашэння гэтай праблемы падрыхтаваны», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён запатрабаваў далажыць, як прапрацаваны дадзеныя падыходы і што трэба распачаць для шырокага ўкаранення такой праграмы ў Беларусі.

Аб грамадзянскіх і моладзевых ініцыятывах

Асобна Прэзідэнт прапанаваў разгледзець новы кірунак працы–механізм рэалізацыі грамадзянскіх і моладзевых ініцыятыў на месцах. «Такія пытанні і перад вамі, і перада мной, асабліва пры сустрэчах у студэнцкіх калектывах, уздымаюцца. Ідэя добрая, ды і кірункаў такой працы вельмі шмат у грамадстве. Гэта можа быць удзел грамадзян ва ўладкаванні тэрыторый сваіх гарадоў і пасёлкаў, у рамонце помнікаў, абеліскаў. Моладзь магла б рэалізаваць праекты, накіраваныя на патрыятычнае, інтэлектуальнае, духоўнае і фізічнае выхаванне», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, тут павінна быць распачата сістэмная праца на перспектыву. «Гэта і наш ідэалагічны вектар. Пры гэтым трэба забяспечыць пастаяннае суправаджэнне дадзенай працы на ўзроўні Савета Міністраў, парламента, і асабліва на ўзроўні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Мы павінны абсалютна дакладна разумець, як будзе праходзіць адбор праектаў, хто атрымае сродкі і як будзе кантралявацца іх размеркаванне і выкарыстанне», – сказаў Прэзідэнт.

Ён запатрабаваў прадставіць аргументаваную пазіцыю ўрада па ўсіх пазначаных пытаннях, а за выкананнем прынятых на нарадзе рашэнняў усталяваць кантроль, забяспечыць якаснае і шырокае інфармацыйнае асвятленне разглядаемых тэм.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая