RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Паміж Магілёўскай вобласцю і Прыморскім краем прасочваецца дынаміка ў развіцці гандлёва-эканамічных адносін – Леанід Заяц

Паміж Магілёўскай вобласцю і Прыморскім краем прасочваецца дынаміка ў развіцці гандлёва-эканамічных адносін. На гэта звярнуў увагу старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, каменціруючы журналістам вынікі пасяджэння рабочай групы па супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь і Прыморскага краю, якая адбылася сёння ў рэжыме відэаканферэнцыі.

Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што Прымор’е з’яўляецца стратэгічным партнёрам нашай вобласці ў Расійскай Федэрацыі. Як паказалі вынікі працы ў 2020 годзе, адзначаецца рост тавараабароту, хоць ён і не высокі.

«Мы знаходзім свае нішы на рынках Прыморскага краю ў прадукцыі машынабудавання, прадуктах харчавання. Наша краіна можа быць карысная расійскаму рэгіёну ў развіцці грамадскай жывёлагадоўлі, садаводства. Таксама будзем аказваць практычную дапамогу ў меліярацыі зямель Прыморскага краю, пастаўляць спецыяльную тэхніку. У цэлым, тут зацікаўлены ў набыцці вялікага набору тэхнікі, якая выпускаецца прадпрыемствамі Беларусі, у тым ліку Магілёўскай вобласці», – адзначыў Леанід Заяц.

Ён дадаў, што «Магілёўліфтмаш» умацоўвае сваё месца на рынку Прымор’я, дзе падрыхтавана амбіцыйная праграма на найбліжэйшую пяцігодку па замене ліфтаў пры капітальным рамонце жылога фонду і іх усталёўцы ў новабудоўлях. «Кіраўніцтву і спецыялістам трэба сур’ёзна працаваць і знаходзіць тут яшчэ большую нішу, каб загрузіць сваё прадпрыемства і атрымаць прыбытак», – падкрэсліў Леанід Заяц.

Стаіць таксама пытанне аб магчымым удзеле беларускіх будаўнікоў у рэалізацыі маштабнага праекта па ўзвядзенні ў горадзе Уладзівастоку на рускім востраве музейнага і тэатральна-адукацыйнага комплексу. Патрэба ў спецыялістах–больш за 2 тысячы. «Паглядзім грунтоўна, які эканамічны эфект будзе для беларускага боку, – канстатаваў старшыня Магілёўскага аблвыканкама. – Дадатковыя сродкі не будуць лішнімі ў бюджэце краіны».

Падчас пасяджэння рабочай групы, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі выканаўчай улады, міністэрстваў, прадпрыемстваў Беларусі і Прыморскага краю, абмяркоўвалася выкананне пунктаў Пратакола аб супрацоўніцтве, заверанага бакамі ў лістападзе 2020 года. «Бачым, што ў большасці мы нядрэнна прасунуліся, – падкрэсліў Леанід Заяц. – Але ёсць шэраг пытанняў, якія патрабуюць аператыўнага рашэння. Уся нарматыўна-прававая база, прынятая на ўзроўні нашага Прэзідэнта, урада, у цэлым дазваляе бесперашкодна заходзіць з беларускай прадукцыяй на рынкі Прымор’я. Спадзяёмся, што знайшлі разуменне, якое пасадзейнічае станоўчай дынаміцы росту знешняга тавараабароту».

Варта дадаць, што ўжо ў канцы сакавіка губернатар Прыморскага краю Алег Кажамяка з дэлегацыяй мае намер прыехаць у Беларусь, каб прадметна прагаварыць пытанні, якія ўзняты на відэаканферэнцыі і патрабуюць дэталізацыі, дакладнага высвятлення пэўных пазіцый.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая