Памятныя знакі «У гонар 75-годдзя поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады» ўручылі жыхарам Магілёва
Памятныя знакі «У гонар 75-годдзя поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады» ўручылі сёння адзінаццаці жыхарам Магілёва. Урачыстая цырымонія адбылася ў Гарадской выставачнай зале.

Адкрываючы мерапрыемства, першы сакратар пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Сядых адзначыў, што больш за 75 гадоў таму, 27 студзеня 1944 года, была знята блакада Ленінграда. Напярэдадні гэтага слаўнага юбілею гарадскі ўрад цяперашняга Санкт-Пецярбурга заснаваў памятны знак «У гонар 75-годдзя поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады». Улады нязломленага горада вырашылі ўручыць яго як грамадзянам Расійскай Федэрацыі, так і замежным грамадзянам, якія пражываюць у далёкім і блізкім замежжы і ўзнагароджаным медалём «За абарону Ленінграда», знакам «Жыхару блакаднага Ленінграда». Дапамогу з уручэннем памятнай узнагароды за межамі Расіі закліканы аказаць дыпламаты.

«Лічу, гэта правільна – не дзяліць блакаднікаў на тых, хто жыве ў горадзе, і тых, хто жыве за яго межамі. Нельга дапусціць, каб хтосьці быў забыты», – падкрэсліў Сяргей Сядых. Ён выканаў ганаровую місію і ўручыў памятныя знакі блакаднікам, якія пражываюць у Магілёве: Рыме Авяр’янавай, Людміле Гейчанка, Жанне Ерашэнка, Нэлі Рыбаковай, Яўгеніі Чэхаўскай, Надзеі Краўчанка, Уладзіміру Лебедзеву, Лідзіі Палячонак, Алегу Палячонку, Лізавеце Хомчанка, Лідзіі Чмырыкавай.

Падзякаваць блакаднікам за стойкасць і мужнасць таксама прыйшлі намеснік старшыні гарвыканкама Ала Галушка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама Марына Снытко, старшыня гарадской арганізацыі ветэранаў Зінаіда Пянькова.

У Магілёве сёння пражывае 21 жыхар блакаднага Ленінграда. Кожны, будучы дзіцём або падлеткам, перанёс нечалавечыя пакуты ў абложаным горадзе. Таму некаторыя па стане здароўя не змаглі прысутнічаць на сустрэчы. Аднак усе яны без выключэння атрымаюць памятныя знакі ва ўрачыстай абстаноўцы дома.


Переводчик