RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Патрыятычная акцыя «Марш Перамогі» прайшла ў Асіповічах

«Марш Перамогі» арганізаваны Міністэрствам абароны і праходзіць у населеных пунктах, якія асабліва вызначыліся ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, і ў тых, што ў лютым гэтага года былі ўзнагароджаны вымпеламі «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны». Нагадаем, у спісе ўладальнікаў такога вымпела з'явіліся гарадскія пасёлкі Обаль і Асвея і гарады Баранавічы, Дзяржынск, Дзятлава, Калінкавічы, Любань, Чавусы і Асіповічы. Менавіта ў апошнім 14 ліпеня і прайшла акцыя.

Яшчэ 12 ліпеня «Марш Перамогі» прайшоў у Дзятлаве і Любані. У чым асаблівасць менавіта асіповіцкага мерапрыемства, нам расказаў намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады гвардыі падпалкоўнік Віталь Пракопчык:

- Да нас прыехалі адразу два танкі Т-34. Таксама мы арганізавалі шырокую выставу тэхнікі, якая стаіць у нас на ўзбраенні – «Іскандэр», «Кропка», «Паланэз» і іншыя. Таксама плануецца вялікая забаўляльная праграма для жыхароў горада і яго гасцей.

Акрамя таго, для ўсіх удзельнікаў акцыі прайшло паказальнае выступленне кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл Беларусі, а супрацьмінны цэнтр прадстаўляў сваю экіпіроўку. Ну і, канешне ж, салдацкая каша, якая заўсёды застаецца папулярнай. Аднак галоўнымі экспанатамі былі ўсё ж Т-34, пра якія нам падрабязней распавёў камандзір 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады гвардыі палкоўнік Андрэй Ратушны:

- Гэтыя танкі цалкам адрэстаўраваныя і здольныя да Масквы дабрацца сваім ходам. Дакладных звестак аб тым, дзе гэтыя танкі ваявалі ў нас, на жаль, няма, але з упэўненасцю можна сказаць, што яны бралі ўдзел у аперацыі «Баграціён». Вельмі выдатна, што ў нас атрымалася захаваць такую рарытэтную тэхніку, якая, дарэчы, больш за ўсё ўвагі людзей сёння прыцягвае. Асабліва старэйшае пакаленне.

Да такога сябе адносіць Валянцін Чарноў, які не хавае захаплення ад класікі савецкага танкабудавання:

- Чаму вырашыў прыйсці сюды? Тэма Вялікай Айчыннай вайны вельмі шмат для мяне значыць. З усіх экспанатаў больш за ўсё мне спадабаўся Т-34. Гэта легенда майго дзяцінства. Вельмі добры танк.

Нагадаем, акцыя працягнецца да 20 ліпеня. Яна закране яшчэ чатыры гарады Беларусі — Баранавічы, Калінкавічы, Чавусы, Дзяржынск, а таксама гарадскія пасёлкі Асвея і Обаль.

 СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая