RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Патрыятычны аўтапрабег Магілёў–Быхаў збярэ каля 100 прафсаюзных актывістаў

Амаль 100 удзельнікаў, больш за 30 машын і некалькі гадзін у дарозе – прафсаюзы Магілёўскай вобласці правядуць 21 лістапада патрыятычны аўтапрабег «За адзіную Беларусь!». Адпраўным пунктам маршруту стане аўтастаянка па вул. Маўчанскага, 6 у Магілёве (магазін «Гиппо»), канчатковым – мемарыял вайсковай славы «Лудчыцкая вышыня» Быхаўскага раёна.

Удзел у мерапрыемстве прымуць прадстаўнікі Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, усіх абласных галіновых арганізацый прафсаюзаў, а таксама працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна.

«Нашы актывісты самі прапанавалі правесці такое мерапрыемства, бо для іх гэта выдатная магчымасць прадэманстраваць сваю грамадзянскую пазіцыю, пагутарыць з аднадумцамі, наведаць славутасці раёнаў нашай вобласці і пазнаёміцца з гісторыяй асобных куткоў роднага краю, – расказалі ў Магілёўскім абласным аб’яднанні прафсаюзаў. – Наша грамадзянска-патрыятычная акцыя накіравана на згуртаванне членаў працоўных калектываў, кансалідацыю канструктыўных сіл беларускага грамадства, правядзенне патрыятычнай работы сярод насельніцтва».

Калона пройдзе праз аграгарадок Следзюкі Быхаўскага раёна, дзе зробіць прыпынак для ўскладання кветак да памятнага знака байцам і камандзірам 187-й стралковай дывізіі, якія змагаліся з нямецка-фашысцкімі акупантамі на Дняпроўскай мяжы ў 1941 годзе.

Удзельнікі аўтапрабегу затрымаюцца і ў самім Быхаве. Тут Магілёўскую дэлегацыю чакае сустрэча з быхаўскім прафсаюзным актывам, пешая экскурсія па горадзе, наведванне раённага гісторыка-краязнаўчага музея, ускладанне кветак да гарадскіх мемарыялаў.

Фінішуе прафсаюзны аўтапрабег ля мемарыяла вайсковай славы «Лудчыцкая вышыня», збудаванага да 40-й гадавіны вызвалення Быхаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Рэд.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая