RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Паўсотні дэлегатаў ад Магілёўскай вобласці прымуць удзел у рэспубліканскім з’ездзе БРСМ

З’езд Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі пройдзе 12 жніўня ў Мінску пад слоганам «Адзінства моладзі – сіла Беларусі!». Ад Прыдняпроўскага краю ўдзел у ім прыме 50 дэлегатаў з усіх куткоў рэгіёна, паведамілі ў ГА «БРСМ» Магілёўскага абласнога камітэта.

Як расказалі суразмоўцы, парадак работы з’езда прадугледжвае фарміраванне рабочых камісій, зацвярджэнне рэгламенту працы і парадку, адкрытае абмеркаванне вынікаў работы маладзёжнай арганізацыі за мінулыя тры гады, прыняцце Стратэгіі развіцця БРСМ да 2025 года, абранне новага складу Цэнтральнага камітэта і Цэнтральнай кантрольнай камісіі БРСМ. Асноўныя мерапрыемствы з’езда завершаць пленумы ЦК і ЦКК з выбарамі іх кіраўнікоў.

«З’езд з’яўляецца найвышэйшым органам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. З улікам правапераемнасці арганізацыі (БРСМ – правапераемнік камсамола Беларусі) нумарацыя з’ездаў захаваная. Такім чынам, па ліку гэта будзе 44-ы моладзевы форум. Яго дэлегаты абраны ў перыяд з 23 ліпеня па 4 жніўня на абласных справаздачна-выбарных канферэнцыях БРСМ, – растлумачылі ў моладзевай арганізацыі».

Казлова Валерыя, магістрант установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова», фіналістка XXIX Міжнароднага конкурсу грацыі і таленту «Каралева студэнцтва»:

– Быць дэлегатам ганарова і прыемна. Ты становішся часткай гісторыі, якая здзяйсняецца сёння. Я рада, што мае ініцыятывы, прапановы пачутыя, такім чынам, моладзь можа ўплываць на сённяшнія рэаліі.

Лабаноўскі Антон, настаўнік беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі «Мяжысецкая сярэдняя школа», дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу:

– На абласной справаздачна-выбарнай канферэнцыі я бачыў маладых людзей, якія гараць сваёй справай, гатовыя тварыць карысныя, патрэбныя справы кожны дзень для сваёй краіны. Для мяне адказна і ганарова знаходзіцца ў гэтых радах. Я даўно ўжо не студэнт, адношуся да працоўнай моладзі, і вось адна з задач маёй паездкі: знайсці, убачыць аднадумцаў, абмяняцца з імі вопытам у дачыненні да працы, да спраў, зарадзіцца энергіяй і новымі ідэямі.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая