RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пераможцаў двух літаратурных конкурсаў узнагародзяць на Магілёўшчыне

Міжнародны літаратурны конкурс «Гэта трэба - не мёртвым! Гэта трэба - жывым! стартаваў у 2023 годзе. У ім, прысвечаным Году міру і стварэння і памяці пісьменніка Канстанціна Сіманава, прынялі ўдзел каля чатырохсот чалавек з Беларусі і Расіі ва ўзросце ад 14 да 35 гадоў.

- Яны прадставілі на конкурс вершы, балады, санеты, элегіі, эсэ, апавяданні, нарысы і рэпартажы на тэму любові да Радзімы, захавання гістарычнай памяці, - удакладняе старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Казека. - Намінацый было некалькі: «Паэзія», «Мастацкая проза», «Публіцыстыка». Сярод тых, хто заваяваў першыя, другія і трэція месцы - хлопцы з Гродна, Луганска, Бабруйска, Горак, Барысава, Магілёва, расійскіх Мурына, Бранска, Краснаярска, Варонежскай вобласці.

Урачыстае ўзнагароджанне адбудзецца сёння ў Палацы Булгакаў у Жылічах, што ў Кіраўскім раёне. Там жа будуць ушаноўваць і пераможцаў адкрытага літаратурнага конкурсу «І рухаецца планета Куляшова», які абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі праводзіць сумесна з абласным аддзяленнем Беларускага фонду міру і Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя Аркадзя Куляшова.

- Мэта міжнароднага конкурсу - фарміраванне ў моладзі пачуцця патрыятызму, прыярытэтаў міру і дружбы паміж народамі Беларусі і Расіі праз агульныя гісторыка-культурныя каштоўнасці і традыцыі брацкіх славянскіх народаў, прыцягненне ўвагі да літаратурнай спадчыны Сіманава, развіццё творчых здольнасцей падрастаючага пакалення. Задача адкрытага літаратурнага конкурсу - папулярызацыя беларускай культуры, духоўных каштоўнасцей, нашых пісьменнікаў, - падкрэслівае Аляксандр Казека. — Прыемна, што ў ім таксама актыўна ўдзельнічала моладзь, дасылала вершы і прозу, прысвечаныя Аркадзю Куляшову, у сваіх творах разважала пра патрыятызм, каханне і сэнс жыцця.

У адкрытым літаратурным конкурсе «І рухаецца планета Куляшова» намінацыі былі наступныя: «І вечнасць радка як вечнасць жыцця», «Ад шчасця сэрца скача, як дзіця» і «Я адзін выходжу на дарогу». Сярод тых, чые вершы і апавяданні найбольш спадабаліся журы — школьнікі, навучэнцы каледжаў, студэнты з Гомеля, Магілёва, Горак, Бабруйска, Горацкага раёна, Калінкавічаў.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая