RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Першага вадзіцеля-тысячніка ўшаноўвалі ў Горацкім раёне

У Горацкім раёне сёння ўшаноўвалі першага вадзіцеля-тысячніка ў Магілёўскай вобласці, задзейнічанага на адвозцы збожжа ад камбайна. Ім стаў 29-гадовы Арцемій Касцюкоў з РУП «Вучгас БДСГА».

Павіншаваць лідара прыехалі ў поле старшыня Горацкага райвыканкама Міхаіл Гулы, намеснік старшыні Ларыса Крывіцкая, старшыня РК прафсаюза работнікаў АПК Алена Чаплыгіна, дырэктар РУП «Вучгас БДСГА» Аляксандр Янковіч і РК БРСМ Марына Бандык.

– Арцемій штогод у лідарах, але ў гэтым годзе стаў першым вадзіцелем-тысячнікам у вобласці. Свае віншаванні перадаў старшыня аблвыканкама Леанід Заяц. Так трымаць! У Горацкім раёне прыбрана толькі каля 8% збожжавых, а ты ўжо пераадолеў тысячную адзнаку. Адпаведна павінен у гэтым годзе перавезці 8 тысяч тон збожжа, – сказаў Міхаіл Гулы.

Таксама Міхаіл Уладзіміравіч пажадаў перадавіку моцнага здароўя і каб машына не падводзіла.

На сённяшні дзень Арцемій перавёз 1050 т збожжа. Гэту планку ён мог дасягнуць яшчэ ўчора, ды вось падвяла машына і яму давялося некалькі гадзін стаяць на рамонце.

– У жніве я ўдзельнічаю восьмым разам, – кажа Арцём. – Тройчы станавіўся пераможцам абласных «Дажынак»: двойчы займаў першае месца, і адзін раз – другое. Летась я перавёз за сезон больш за 3,8 тыс. т збожжа.

mogilevnews.by, фота gorkiv.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая