RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Прафтур-2019»: у Магілёве прэзентавалі турыстычныя і сэрвісныя паслугі прафсаюзнага тураператара

У Магілёве прайшоў прафсаюзны турыстычны форум «Прафтур-2019». Маштабная падзея адбылася на базе гасцінічнага комплексу «Турыст». Тут прэзентавалі новыя турыстычныя і сэрвісныя паслугі прафсаюзнага тураператара, анансавалі экскурсійныя туры сезона 2019 года з удзелам прадстаўнікоў фірмаў-партнёраў і кампаній, якія прымаюць з краін блізкага і далёкага замежжа.

Адкрываючы рэгіянальны форум, арганізатары адзначылі, што ў гэтым годзе прафсаюзнаму актыву прапануецца адпачынак на любы густ: няхай гэта будзе анімацыйны тур выхаднога дня, экскурсійная праграма за мяжой, аздараўленне ля мора або ў санаторыі. Акрамя таго, асаблівая ўвага надаецца айчынным культурна-пазнавальным праграмам.

«Самымі папулярнымі сталі анімацыйныя праграмы з элементамі гістарычнай рэканструкцыі «Забавы ў Любавы», «Па хвалях Барысфена», «Сакрэты Магілёўскага Астролага», «Магілёў – «апошняя сталіца» Расійскай імперыі», – адзначыла генеральны дырэктар па турызме ТГК «Магілёўтурыст» Таццяна Барадзінава. – Таксама ў ліку запатрабаваных былі рэлігійна-паломніцкія туры па хрысціянскіх святынях Беларусі, ваенна-гістарычныя праграмы, асаблівае развіццё атрымаў фестывальны і падзейны турызм».

Па словах намесніка старшыні Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Людмілы Старасцінай, на Магілёўшчыне ў Год малой радзімы ўсё большую папулярнасць набіраюць туры з наведваннем майстар-класаў народных рамеснікаў «Дрыбінскія Шапавалы» і «саламянае золата».

«Тры гады таму ў нашым рэгіянальным турыстычным конкурсе актыўна ўдзельнічалі старшыні гарадскіх і раённых аб’яднанняў прафсаюзаў, а таксама першасных прафарганізацый, – распавяла Людміла Віктараўна. – У выніку было распрацавана больш за 40 найноўшых маршрутаў па Магілёўшчыне, 4 з іх прызнаныя найлепшымі. А перамогу ў конкурсе заслужана атрымаў горад Слаўгарад з найцікавейшай турыстычнай прапановай «З Прапойска ў Слаўгарад». Прыемна, што Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі падтрымлівае ініцыятыўных людзей і названае раённае аб’яднанне прафсаюзаў прэміравалі аўтамабілем».

Паводле слоў прадстаўнікоў «Магілёўтурыста», штогод удзел членаў прафсаюза ў турысцка-экскурсійнай дзейнасці павялічваецца. Так, у 2018 годзе для працоўных калектываў было арганізавана больш за 140 экскурсій, на якіх пабывала больш за 4,2 тыс. чалавек. Самымі папулярнымі маршрутамі ў членаў прафсаюза сталі Быхаў – Баркалабава, Слаўгарад – Блакітная крыніца, Шклоў – Александрыя, а таксама Мсціслаў і Крычаў. Толькі ў экскурсійных турах па Магілёве прыняло ўдзел амаль 1,6 тыс. турыстаў».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая