RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прэм'ера музычнага праекта «Песні нашага круга» пройдзе на «Вялікай бард-рыбалцы»

На XII Музычным фестывалі «Вялікая бард-рыбалка» 29 ліпеня адбудзецца прэзентацыя новага маштабнага праекта «Песні нашага круга». Творчы ансамбль беларускіх бардаў падрыхтаваў для канцэртнага выканання творы з залатога фонду аўтарскай песні Беларусі. Пры адборы важнае значэнне аддавалася музычнасці, напеўнасці, пазнавальнасці твораў і іх «народнасці».

У праграме прагучаць творы Арыка Крупа, Барыса Вайханскага, Алеся Камоцкага, Алены Казанцавай, Марка Мермана і іншых вядомых бардаў. «Галоўная мэта і місія гэтага праекта - гэта папулярызацыя і развіццё аўтарскай песні ў Беларусі, - адзначыў адзін з удзельнікаў ансамбля мінскі бард Сяргей Антонаў. - Мы хочам таксама паказаць, што беларуская аўтарская песня дасягнула за некалькі дзесяцігоддзяў вельмі высокага ўзроўню і варта гучаць не толькі каля вогнішча, але і на вялікіх канцэртных пляцоўках, радыё, тэлебачанні. Напрыклад, песні нашага земляка Марка Мермана выконваюць Тамара Гвердцытэлі, Валерый Лявонцьеў, Лайма Вайкуле і іншыя зоркі эстрады. Творчасць мінчанкі Алены Казанцавай народ пакахаў за шчырую душэўнасць, бліскучы тонкі гумар і лірычнасць. І ніхто з такім глыбокім лірызмам і неверагоднай меладычнасцю не апісаў у сваіх песнях прыгажосць прыроды беларускага краю, як адзін з класікаў турысцкай песні Арык Круп».

У першым аддзяленні канцэрта будуць выконваць свае песні як аўтары, так і выканаўцы, прадстаўляючы вядомых бардаў. А ў другой частцы праекта ўдзельнікі прапануюць зале праспяваць разам з творчым бардаўскім ансамблем у складзе Сяргея Антонава, Інэсы Вінцкевіч, Вячаслава Клімовіча, Сяргея Кулягіна, Ягора Гагіна, трыо «Фіеста», а таксама іншых бардаў і музыкаў. Плануецца, што да Новага года прэм'ера праекту пройдзе ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі. Дарэчы, першым горадам, дзе прадставяць «Песні нашага круга», стане Магілёў. Канцэрт адбудзецца напярэдадні бард-рыбалкі 27 ліпеня ў 19.00 у малой зале Палаца культуры вобласці.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая