Адзінства беларускага народа роўнае незалежнасці дзяржавы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у сваім выступленні на маладзёжным форуме «Моладзь. Беларусь. Будучыня», прысвечаным Дню народнага адзінства.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў 1921 годзе, калі падпісваўся Рыжскі дагавор і прымалася рашэнне аб падзеле, меркаванне Беларусі не ўлічвалася. 


«Без нас гэта вырашылі. Я лічу, гэта вельмі грубая памылка савецкага ўрада, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Факт застаецца фактам: без нас вырашылі ў 1921–м наш лёс і частка Беларусі, амаль палова (самае развітое, перадавое, калі браць землі, лясы і іншае, што з'яўляецца галоўным нашым багаццем) аказалася там (у складзе Польшчы. – Заўвага БЕЛТА)».

У гэтым кантэксце Прэзідэнт зрабіў акцэнт на адзінстве як найважнейшым элеменце для захавання суверэнітэту і незалежнасці.


«Адзінства беларускага народа роўнае незалежнасці нашай дзяржавы. Гэта элемент і паказчык нашай незалежнасці. Адзінства – гэта наша незалежнасць», – падкрэсліў беларускі лідар.

Ён заўважыў, што геапалітычнае становішча Беларусі – на зломе, перакрыжаванні інтарэсаў з захаду і ўсходу – мае як перавагі, так і сур'ёзныя недахопы. Скарыстацца перавагамі можа толькі па–сапраўднаму незалежны народ, здольны самастойна прымаць правільныя рашэнні.

Цяперашняе свята – Дзень народнага адзінства – якраз служыць гэтай мэце, таму кіраўнік дзяржавы надае яму вялікае значэнне і чакае таго ж ад моладзі, за якой будучыня краіны.

«Вы будзеце гаварыць аб гэтым свяце сваім дзецям, унукам, будзеце святкаваць, ушаноўваць, калі хочаце быць незалежнымі. Калі хочаце, каб да вашага слова ў будучым прыслухоўваліся», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.


БЕЛТА