У Беларусі ствараюцца ўмовы для паскоранага развіцця сферы робататэхнікі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 чэрвеня падпісаў указ № 198 «Аб стымуляванні рабатызацыі», паведамілі ў прэс–службе беларускага лідара.

Дакумент прыняты ў мэтах рэалізацыі адпаведных задач Праграмы сацыяльна–эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады, якая была зацверджана рашэннем VII Усебеларускага народнага сходу. Праграма прадугледжвае неабходнасць забяспечыць да 2030 года шчыльнасць рабатызацыі ў апрацоўчай прамысловасці на ўзроўні не менш як 100 адзінак на 10 тыс. работнікаў.

Вырашэнне задачы па рабатызацыі эканомікі будзе ажыццяўляцца па двух напрамках. Першы – актывізацыя ўкаранення робатаў шляхам стварэння максімальна выгадных умоў для іх канчатковых спажыўцоў. Другі – развіццё ўласнай вытворчасці робатаў і іх інжынірынгу.

У мэтах стымулявання гэтых напрамкаў указам прадастаўляюцца льготы і прэферэнцыі спажыўцам і вытворцам робатаў, а таксама вытворча–інжынірынгавым арганізацыям, якія забяспечваюць іх укараненне і інтэграцыю.

Для спажыўцоў робатаў прадугледжана: зніжэнне падаткаабкладаемай базы за кошт магчымасці ўлічыць для разліку падатку на прыбытак амартызацыю з каэфіцыентам 1,5; вызваленне робатаў ад увазнога ПДВ; поўны вылік ПДВ у выпадку набыцця робатаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (вяртанне на працягу 30 дзён).

Для вытворцаў і інжынірынгавых кампаній: вызваленне робатаў і іх кампанентаў ад увазнога ПДВ, а таксама прадастаўленне рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій права на рэалізацыю кампанентаў робатаў для гарантыйнага і постгарантыйнага абслугоўвання, здачу ў арэнду вырабленых імі робатаў. Гэта дасць магчымасць трансфармаваць бізнес–мадэль і перайсці ад разавага продажу робатаў да комплекснага кіравання прадуктам. Уключаючы такія этапы, як перадпраектны аналіз, распрацоўка, доўгатэрміновае абслугоўванне, сістэмная інтэграцыя і дыстрыбуцыя.

Рабатызацыя вытворчасці – сусветная практыка. Яна павышае канкурэнтаздольнасць прадукцыі за кошт зніжэння сабекошту вытворчасці і павышэння якасці прадукцыі. Прыняцце ўказа забяспечыць больш дынамічнае развіццё галіны.

БЕЛТА