Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка пры назначэнні Надзеі Каткавец памочнікам Прэзідэнта – інспектарам па Магілёўскай вобласці адзначыў яе значны вопыт работы і высокі ўзровень ведаў у аграрнай сферы.


«Надзея Мікалаеўна, я вас ведаю даўно. Вы чалавек актыўны. Мусіць, дасведчаней за сталом нікога няма. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі вы і надалей будзеце такім актыўным чалавекам. Як вы бачыце, засядзецца на месцы дзесьці там я вам не даў, – сказаў Прэзідэнт. – Адпачылі крышку і наперад».


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разлічвае на эфектыўную работу новага памочніка ва ўзаемадзеянні з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыем Крутым. «Ён у нас не аграрый, але, як і вы, добры эканаміст. Праўда, у яго больш пераважае макраўзровень, а вы добра ведаеце мікраўзровень», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт сказаў, што памятае работу Надзеі Каткавец на розных пасадах, і тады да яе не было прэтэнзій. Аляксандр Лукашэнка таксама ведае аб выніках яе навуковай дзейнасці за апошні час (яна абараніла кандыдацкую дысертацыю і атрымала ступень кандыдата эканамічных навук) і пазітыўна іх ацэньвае. «Вы за гэты час (што мяне здзівіла) і кандыдацкую дысертацыю абаранілі, прайшліся па асноўных этапах развіцця нашага аграрнага комплексу. Мяне гэта задавальняе», – сказаў ён.


Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Надзея Каткавец у сілу сваёй прафесійнай дзейнасці на папярэдніх пасадах добра ведае Магілёўскую вобласць і ў тым ліку Шклоўскі раён, на якім Прэзідэнт робіць асаблівы акцэнт і прад'яўляе высокія патрабаванні – стаць узорным для іншых раёнаў краіны. У якасці памочніка Прэзідэнта – інспектара па Магілёўскай вобласці ёй трэба будзе гэтыя патрабаванні выконваць ва ўзаемадзеянні з новым кіраўніком раёна Міхаілам Крыцкім.

БЕЛТА